- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Другі месяц Беларусь жыве па-за прававым полем, у краіне перасталі дзейнічаць законы. Такое адчуванне, што ўсіх нас захапіла ў палон злачынная ваенная хунта, мэта якой – прыніжаць, калечыць і запалохваць людзей. Раніцай стала боязна адкрываць інфармацыйныя сайты – кагосьці выкралі невядомыя ў масках і звезлі невядома куды, кагосьці вывалаклі з кватэры, узламаўшы жалезныя дзверы, камусьці паламалі рэбры ў міліцэйскім аўтазаку… У Брэсце супраць мірных пратэстоўцаў задзейнічалі вадамёты, у Мінску сілавікі цягалі за валасы студэнтак, што спявалі “Марсельезу”, у сталічных мікрараёнах сістэматычна наладжваюцца аблавы на звычайных прахожых… Прычым усё гэта не ўдаецца рабіць патаемна – знятае сведкамі відэа імгненна трапляе ў інтэрнэт. І вось такою – са зграямі гарылападобных істот у чорных масках з дубінкамі на вуліцах – увесь свет бачыць сёння Беларусь. Тых гарыл вывезці куды-небудзь у пампасы, хай бы какосы з пальмаў збівалі, а яны збіваюць мірных людзей. Мірных! Бо ніхто яшчэ і камення не падняў, каб адказаць на гвалт, каб проста самаабараніцца. Людзі выходзяць на мірныя пратэсты таму, што іх галасы на выбарах укралі бессаромныя чыноўнікі разам з халуйскімі членамі выбарчых камісій. Закон у Беларусі ўжо не як дышаль, які можна павярнуць, куды трэба. Ён стаў гумовай дубінкай, якой дазволена ўсё. “Часам не да законаў”, – пачулі служывыя людзі ад свайго галоўнакамандуючага на тэрмінова скліканай нарадзе.