- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Мне здаецца, лукашэнкаўскія прапагандысты арганізоўваюць так званыя мотапрабегі “За Беларусь” дзеля аднаго – каб паказаць па БТ карцінку ў піку тым, хто вось ужо чацвёрты месяц выходзіць на вуліцы, каб выказаць пратэст супраць беспрэцэдэнтных фальсіфікацый падчас галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, нечуванага насілля над мірнымі грамадзянамі з боку амапаўцаў і іншых сілавікоў. Тых, хто не карыстаецца камп’ютарам альбо не мае сучаснага мабільнага тэлефона, магчыма, уражваюць аўтакалоны з соцень машын, над якімі “гордо реют” чырвона-зялёныя сцягі, а на капотах прымацаваны партрэты-маляванкі вядомага ўсім чалавека. Я гляджу на ўсю гэту дэкарыраваную кавалькаду як на бессэнсоўны спектакль. Ну скажыце, хто ў нас не за Беларусь? А якая небяспека зыходзіць нашай краіне з боку суседзяў? Калі і зыходзіць, то толькі ад такіх гора-палітыкаў, як Жырыноўскі. Днямі ён пералічыў усе нашы вобласці і на ўвесь белы свет заявіў: яны павінны быць расійскімі. Ці трэба звяртаць увагу на розных палітычных вар’ятаў? Вядома ж, не. Таму, лічу, усе вось гэтыя заангажаваныя мотапрабегі “За Беларусь” не варты, як кажуць, выедзенага яйка. Іх мэта – адцягнуць увагу грамадскасці ад сапраўды хвалюючых праблем. А яны вельмі і вельмі востра стаяць на парадку дня. Ужо, мне здаецца, і сам Лукашэнка зразумеў: як нельга схаваць у мяху шыла, так нельга знішчыць шматлікія факты розных махінацый уладных структур на прэзідэнцкіх выбарах.