- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Настаўнікі паскардзіліся пракурору. Настаўніца гісторыі Талькаўскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна Наталля Ільініч і настаўнік фізкультуры СШ №3 горада Нясвіжа Алесь Язвінскі звярнуліся да абласнога пракурора з лістамі ў абарону сваіх правоў. Пра скандальны выпадак, калі начальніца Упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Таіса Данілевіч патрабавала ад шэрагу настаўнікаў выйсці з палітычных партый альбо звольніцца з працы па асабістым жаданні, “Народная Воля” расказала ў мінулым нумары ў артыкуле “Расправа за іншадумства?”. Зрабіць свой выбар настаўнікі павінны былі да 20 студзеня. Час “Ч”, як кажуць, надышоў. Заяву аб прыпыненні сяброўства ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі напісала настаўніца дэфекталогіі з Любані Надзея Агафонава. Астатнія — настаўніца гісторыі з Пухавіцкага раёна Наталля Ільініч (сябра Партыі БНФ), настаўнік замежнай мовы з Лагойска Мікола Ляшчун (сябра Партыі БНФ), настаўнікі геаграфіі і фізкультуры з Нясвіжа Уладзімір Парэйка (сябра БСДП) і Алесь Язвінскі (сябра КХП-БНФ), а таксама настаўнік фізкультуры з Вілейкі Сяргей Клімёнак (сябра АГП) ніякіх заяў не напісалі. Больш таго, Ільініч і Язвінскі звярнуліся да пракурора Мінскай вобласці з просьбай правесці пракурорскую праверку таго, што адбылося 15 студзеня ў кабінеце начальніка Упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, і прыняць меры пракурорскага рэагавання, скіраваныя на абарону іх законных правоў.