- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Наведаўшы 17 лістапада пяць выбарчых участкаў у Савецкім раёне Гомеля, на пачатку 16-й гадзіны дабраўся на працілеглую ўскраіну горада – у густанаселены спальны мікрараён «Валатава». У школе №49 на вуліцы Петруся Броўкі месцяцца ўчасткі №7 і №8, якія належаць да Гомельскай-Юбілейнай выбарчай акругі №31. Нікога з выбаршчыкаў на ўчастку №7 на другім паверсе навучальнай установы не было. За доўгім сталом – чацвёра сябраў камісіі, насупраць за асобным сталом – сакратар участковай выбарчай камісіі Аляксандр Яўменаў. Побач – трое назіральнікаў Дастаю пасведчанне, паказваю сакратару Яўменаву – рэгіструйце. Сакратар раіць чакаць старшыню камісіі Яўгена Сусолкіна. Той неўзабаве выходзіць з бакавых дзвярэй, бярэ пасведчанне, тэлефануе камусьці па мабільніку і зноў знікае хвілін на восем-дзесяць у бакоўцы. Пакуль старшыня нешта ўзгадняе, гутарым з сакратаром. На ўчастку па спісе 1920 выбаршчыкаў. За пяць дзён датэрміновага галасавання камісія паказала, што ўчастак наведалі 612 чалавек, альбо 31,8 працэнта. Прамежкавыя лічбы асноўнага дня галасавання сакратар не называе. На ўчастак зайшлі двое выбаршчыкаў. Кажу: буду здымаць. – Не, чакайце старшыню, – раіць Яўменаў. Нарэшце Яўген Сусолкін выходзіць з бакавушкі ў дзіўным настроі і сур’ёзным тонам пачынае тлумачыць: – Вы павінны паказаць акрэдытацыю, што маеце права браць інтэрв’ю і рабіць здымкі. Пытаюся, ці ўважліва старшыня глядзеў пасведчанне, і ў каго ў такім разе мушу атрымаць акрэдытацыю, маючы дакумент агульнанацыянальнага выдання? Уцямнага адказу не атрымліваю.