- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Так звычайна дзейнічаюць прафесійныя зладзеі. Ідуць на злачынства тады, калі ведаюць, што гаспадароў няма дома. Менавіта па такім сцэнарыі ў мінулую пятніцу адбыўся бандыцкі напад на офіс рэдакцыі газеты “Народная Воля”. Ні мяне, галоўнага рэдактара і ўласніка памяшкання, ні майго намесніка на месцы не было. Верагодна, “няпрошаныя госці” ведалі: у гэты час я не мог пакінуць дома хворую на каранавірус дачку-ліцэістку, а жонка, якую напаткала такая ж зараза, злегла ў бальніцу. З-за дрэннага адчування дзіцяці не змагла своечасова прыехаць на работу і Марына Коктыш, якая сёння з’яўляецца адзіным маім намеснікам. Ды што зладзеям да бяды людзей! Як і да таго, што газета “Народная Воля” выходзіць на законных падставах вось ужо дваццаць шосты год. Смеху варта тое, што ў друкарні выдавецтва “Беларускі дом друку” чацвёрты месяц “не могуць” адрамантаваць нейкі станок, з-за чаго нам давялося тыражаваць “Народную Волю” аж пад Масквой. Некалькі супрацоўнікаў рэдакцыі, што знаходзіліся на рабочых месцах, спрабавалі спыніць асоб, якія не прад’явілі ніякіх дакументаў аб тым, хто яны такія і хто ім даў дазвол фактычна на выкраданне газеты, але ніхто з рабаўнікоў іх і слухаць не хацеў. Атрымаўшы падмацаванне з боку здаравенных амапаўцаў, яны ў лічаныя хвіліны закінулі ў машыну амаль увесь тыраж свежага нумара “Народнай Волі” і гэтак жа імгненна, як і з’явіліся, зніклі ў невядомым накірунку. Ка-ра-вул! Рабаванне сярод белага дня!