- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Адразу скажам: калі Лукашэнка і яго атачэнне думаюць, што з надыходам зімы пратэстныя акцыі, выкліканыя беспрэцэдэнтнымі фальсіфікацыямі вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, удасца задушыць, то яны глыбока памыляюцца. І гэта пацвердзіў пазаўчарашні дзень. Надвор’е ў нядзелю было надзвычай неспрыяльнае для выхаду людзей на вуліцы – снег, галалёд, нізкая тэмпература. Аднак “Маршы суседзяў” у Мінску адбыліся. Нягледзячы на тое, што ў горад з самага ранку былі сцягнуты велізарныя сілы АМАПа, спецтэхніка, вадамёты. Фактычна быў перакрыты доступ да ўсіх месцаў, у якіх можна было б сабрацца вялікай колькасці людзей. Таму пратэстоўцы фарміраваліся ў лакальныя калоны і дзейнічалі ў межах сваіх мікрараёнаў. Сказаць, якая агульная коль- касць актыўных грамадзян узяла ўдзел у “Маршах суседзяў”, складана, але факт: сталіца бурліла да самага надвячорка. Дарэмнымі былі забараняльныя высілкі тых, каму народныя пратэсты – костка ў горле. У Мінску бліжэй да 11 гадзін перастаў дзейнічаць мабільны інтэрнэт. У хуткім часе станцыі метро “Плошча Перамогі”, “Кастрычніцкая”, “Плошча Якуба Коласа”, “Купалаўская”, “Няміга” былі перакрыты на ўваход і выхад, цягнікі на іх не спыняліся. Прыйшло паведамленне, што ў мікрараёне “Малінаўка” арганізавалася даволі вялікая калона. Людзі маршыравалі пад бой барабанаў.