- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
За сто гадоў свайго існавання галоўны тэатр Беларусі шмат чаго перажыў, шмат чаго начуўся і набачыўся. У яго сценах бальшавікі, толькі-толькі прыйшоўшы да ўлады, спрабавалі задушыць у зародку Беларускую Народную Рэспубліку. Пры нямецкіх акупантах у тэатры аднойчы выбухнула міна, адправіўшы на той свет цэлы клас падлеткаў, што прыйшлі паглядзець беларускі спектакль. Плакаў тады ўвесь Мінск. Помніць тэатр і іншыя слёзы – слёзы радасці на твары народнага пісьменніка Івана Мележа, калі хор з яго роднай Гомельшчыны са сцэны заспяваў любімую ім песню “Каля грэблі шумяць вербы…”. А якія акцёрскія сузор’і дзесяцігоддзямі ззялі на Купалаўскай сцэне! Тысячы і тысячы разоў удзячная публіка праводзіла іх авацыямі… Легендарны тэатр перажыў усё – і трагедыю, і трыумф. Не здолеў перажыць толькі бяздумную, бяздушную, хамскую, хлуслівую і помслівую ўладу, якая паказала сябе ва ўсёй красе пасля прэзідэнцкіх выбараў. Разгонам паўстання годнасці ў тэатры распачаўся вялікі беларускі разгон, які працягваецца вось ужо чатыры месяцы. Разганяць шматтысячныя людскія шэсці ўлада з цягам часу прызвычаілася. Гэта справа няхітрая, галоўнае, каб аўтазакаў на ўсіх хапіла. А як ваяваць з сімваламі пратэсту? Трэба іх апаганіць! І вось ужо былы гісторык, а цяпер апантаны прапагандыст Ігар Марзалюк у сваёй аўтарскай праграме на СТВ абзывае белчырвона-белы сцяг фашысцкім, а ашалелыя ад усёдазволенасці амалпаўцы засцілаюць сцягам падлогу ў аўтазаках.