- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Тэрыторыя Пастаўскага края пачала засяляцца людзьмі вельмі даўно, з тых часоў, калі паўночную Беларусь пакінуў апошні ледавік і ўтварыліся спрыяльныя ўмовы для развіцця расліннасці і жывёльнага свету. Першыя жыхары – малалікія купкі паляўнічых, рыбаловаў, збіральнікаў – з’явіліся на нашай зямлі, верагодна, каля 8 – 9 тысячагоддзя да нашай эры. Магчыма, у даледавіковую эпоху і ў міжледавікоўі тэрыторыю края наведвалі групы палеаантрапаў, аднак сляды іх знаходжання тут былі знішчаны лёдам і ледавіковымі водамі. Можна меркаваць, што да пачатку нашай эры колькасць насельніцтва паступова марудна павялічывалася, але дакладна прасачыць змены не магчыма з прычыны адсутнасці звестак. Паспрабуем вызначыць прыблізную колькасць жыхароў на тэрыторыі раёна на пачатак нашай эры. Падлікі можна рабіць рознымі спосабамі, але, відавочна, яны павінны грунтавацца на вядомых гістарычных і археалагічных звестках аб умовах і асаблівасцях жыцця людзей у тую эпоху.