«Наш Быкаў». Тацяна Процька: «Ён ішоў да свабоды складаным шляхам гуманізму»
2024-06-11 12:23
Сёньня сваімі ўспамінамі пра Васіля Быкава дзеліцца Тацяна Процька, гісторык і грамадзкая дзяячка.
2024-ы — год
Васіля Быкава. 19 чэрвеня — 100-годзьдзе пісьменьніка, якім можа ганарыцца кожны беларус. Пра сустрэчы і размовы зь ім, пра тое, які сьлед пакінулі ягоныя кнігі ў асабістых лёсах і лёсе ўсяго народу, у праекце Свабоды «Наш Быкаў» узгадваюць і разважаюць сябры, паплечнікі, чытачы.
Мае асабістыя ўспаміны пра Васіля Ўладзімеравіча Быкава тычацца 1990-х гадоў. У свае маладыя гады я больш цікавілася замежнымі літаратурнымі творамі, з творчасьцю беларускіх пісьменьнікаў была знаёмая павярхоўна. Але Быкаў і ў савецкія часы быў вядомай асобай, пра яго сутыкненьні з кіраўніцтвам краіны хадзілі розныя легенды ва ўнівэрсытэце, нават на фізычным факультэце, дзе я працавала. Пра вайну я чытаць не магу, душа мая не вытрымлівае да сёньня пакуты людзей у трагічных абставінах, якія ад іх не залежаць. Таму творы Быкава я ведала больш для прэстыжу — у маім асяродзьдзі сорамна было іх не чытаць.
У пачатку 1990-х мая старэйшая дачка вучылася ў 10-й клясе. Тады ў абавязковую школьную праграму былі ўключаныя творы Васіля Быкава, здаецца, «Сотнікаў» і «Жураўліны крык». Яна прачытала ўсё неабходнае і дадаткова ўключаныя ў школьную праграму «Альпійскую баляду», «Мёртвым не баліць», «Абэліск», «Пайсьці і не вярнуцца». Звычайна я не абмяркоўвала зь ёй зьмест літаратурных твораў школьнай праграмы, таму тая размова запомнілася. «Мама, ты Быкава ведаеш? Я не ўяўляла, што ў Беларусі ёсьць такі пісьменьнік — гуманіст сусьветнага ўзроўню!». Слова «гуманіст» таксама было нязвыклым у нашай сям’і. Такая высокая ацэнка беларускага пісьменьніка " новым пакаленьнем" мяне вельмі ўразіла.
На тыя часы я была, як той казаў, на слыху — працавала рэдактарам радыёчасопіса «Наша мінуўшчына». Да 75-годзьдзя БНР на БТ прайшоў цыкль (дзесяць!) нашых зь Віталём Скалабанам перадач пра БНР «Шлях да незалежнасьці». Я працавала з матэрыяламі з архіваў ЦК КПБ, КДБ, надрукавала некаторыя дакумэнты ў часопісе «Камуніст Беларусі», што выклікала разгляд гэтых публікацый першым сакратаром ЦК КПБ асабіста.
У 1992-1993 гадох рэжысэр Уладзімер Бокун зьняў два дакумэнтальныя фільмы пра Янку Купалу — «Ніколі я не паміраў» (1992) і «Імша па Купалу» (1993), да якіх я зь Віталём Скалабанам пісалі сцэнары. У апошнім фільме ёсьць вялікае інтэрвію-разважаньне Васіля Быкава пра Беларусь, яе гісторыю і магчымую будучыню (фільмы захоўваюцца ў Беларускім архіве кінафотадакумэнтаў).
Гэтае інтэрвію мы здымалі ў Доме літаратара ў кабінэце старшыні. Быкаў сядзеў за вялікім сталом, трохі хваляваўся і ад гэтага выглядаў, як мне падалося, даволі суворым. Інтэрвію атрымалася на тыя часы не зусім звычайным — мы ўсе верылі ў хуткую перамогу дэмакратыі, у стваральную сілу беларускага народу, і нам не хапала бадзёрасьці і надзеі на сьветлую будучыню ад мэтра беларускай літаратуры. Быкаў быў вельмі асьцярожны ў ацэнках і тагачаснай сытуацыі, і самой магчымасьці хуткай дэмакратызацыі грамадзтва. Купалаўскае «а колькі нам дасі чырвонцаў, калі мы пойдзем за табой» (зь верша «Прарок») проста лунала ў паветры падчас здымкаў. Калі год таму я пераглядала гэты фільм, адчуваньні былі ўжо іншыя. Фільм здаваўся як бы не пра Купалу, а пра Быкава: сумны, сьветлы і прарочы.
У верасьні 1993 году мне на працу ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі патэлефанаваў Карлас Шэрман, віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру, і сказаў, што Васіль Уладзімеравіч хоча са мной сустрэцца — мае для мяне прапанову. Быкава на сустрэчы не аказалася, але Карлас ад яго імя расказаў мне наступнае. Беларускі ПЭН-цэнтар меў задуму заснаваць новы беларускі літаратурны часопіс, у якім я магла б узначаліць гістарычны аддзел. Карлас папрасіў мяне прадумаць працу аддзелу, тэмы, магчымых аўтараў. Я пагадзілася на гэту прапанову. Грошай на выданьне часопіса не знайшлі, але з таго часу пачалося маё супрацоўніцтва зь літаратарамі — сустрэчы ў Доме літаратара, удзел у мерапрыемствах ПЭНу, публікацыі ў альманаху ПЭНу «Круг», абмеркаваньне падзеяў і інш.
Тацяна Процька, Карлас Шэрман, Уладзімер Кармількін на пасяджэньні Беларускага Хэльсынскага камітэту, 1995
У 1998 годзе Быкаў падпісаў прыгожы дыплём, якім мяне ўзнагародзіў Беларускі ПЭН-цэнтар за кніжкі «Пакутнік за веру і Бацькаўшчыну: Мітрапаліт Мэльхісэдэк» і «Вынішчэньне сялянства. Вёска Ўсходняй Беларусі пад цяжарам бальшавіцкіх рэпрэсіяў 30-х гадоў». Да дыплёму дадаваўся і мэдаль імя Францішка Багушэвіча. Але гэтыя дыплём і мэдаль уручаў мне ўжо Карлас Шэрман — Васіль Уладзімеравіч вымушаны быў выехаць у эміграцыю ў Фінляндыю.
Беларускі ПЭН-цэнтар пад кіраўніцтвам Быкава быў ня толькі пісьменьніцкай арганізацыяй. Людзі зьвярталіся зь лістамі да вядомага пісьменьніка з просьбамі дапамагчы ў вырашэньні сваіх асабістых праблемаў і ў сутычках з дзяржавай. Мяркую, гэтая практыка склалася яшчэ з савецкіх часоў, калі Быкаў быў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР (1978-1989) і народным дэпутатам СССР (1989). Калі падчас дэпутацтва для вырашэньня праблемаў можна было зьвяртацца з запытам у адпаведныя структуры, то ў сярэдзіне 1990-х гадоў такой магчымасьці ў Васіля Ўладзімеравіча ўжо не было. Ён паказваў мне некаторыя з такіх лістоў, і я памятаю, як ён перажываў ад таго, што зараз дапамагчы «маленькаму чалавеку» ня ў стане.
Для мяне было зусім натуральным, калі Быкаў у верасьні 1995 году пагадзіўся стаць сябрам Беларускага Хэльсынскага камітэту і ўзначаліць Назіральны сойм БХК. Мяне Устаноўчы сход БХК выбраў старшынёй Рады БХК, і да ад’езду Быкава за мяжу мы супольна вызначалі кірункі дзейнасьці БХК, абмяркоўвалі тэкст заяваў БХК і іншае, — бывала, што і ў ягонай кватэры на вул. Танкавай. Падчас гэтых сустрэчаў Васіль Уладзімеравіч расказваў, што яму тэлефануюць на хатні тэлефон нейкія людзі, кажуць, што яны вэтэраны вайны, брудна лаюцца, пагражаюць расправамі за зьнявагу іхнага подзьвігу, якая нібыта зьмяшчаецца ў ягоных творах. Быкаў зьвяртаўся ў міліцыю, але яна нікога не знаходзіла. Перад ад’ездам у Фінляндыю жонка Быкава Ірына Міхайлаўна казала мне, што Васіль Уладзімеравіч уздрыгвае, калі хатні тэлефон звоніць, і забараняе ёй падыходзіць да апарата.
Апошняя мая сустрэча з Васілём Уладзімеравічам адбылася 22 сакавіка 1999 году ў Фінляндыі, у прыгарадзе Хэльсынкі, дзе ён і жонка жылі на другім паверсе ў маленькім катэджы на дзьве сям’і. 21 сакавіка 1999 году ў Фінляндыі адбываліся парлямэнцкія выбары. На асабістае запрашэньне аднаго з дэпутатаў парлямэнту ад Сацыял-дэмакратычнай партыі (на жаль, прозьвішча ўжо ня памятаю) я, Генадзь Карпенка, Сямён Домаш, Лідзія Ярмошына, Павал Шыпук (тады Старшыня Савету Рэспублікі) прыехалі ў Хэльсынкі, каб паназіраць за працэдурай эўрапейскіх парлямэнцкіх выбараў. Пасьля выбараў Карпенка, Домаш і я папрасілі звазіць нас да Васіля Ўладзімеравіча.
22 сакавіка ў другой палове дня мы сустрэліся. Домаш і Карпенка спачатку паводзілі сябе ўрачыста — мы прыехалі на сустрэчу з найбольш знакамітай і важнай асобай Беларусі, сумленьнем нацыі. Быкаў засмучаўся і спачатку «закрыўся», не асабліва падтрымліваючы размову. Нам прапанавалі гарбаты зь печывам, і атмасфэра крыху пацяплела. Пакуль Домаш з Карпенкам расказвалі Быкаву пра сытуацыю ў Беларусі, пра мэту і праграму нашага візыту ў Хэльсынкі, я з Ірынай Міхайлаўнай пайшлі паглядзець умовы іхнага жыцьця. Кватэрка была маленькая, ня больш за 25 квадратных мэтраў, падзеленая невысокімі, у палову чалавечага росту перагародкамі на малюткія «пакойчыкі» — кухню, спальню, «залю» і кабінэцік для Васіля Ўладзімеравіча. У параўнаньні з памерамі «пакойчыкаў» сапраўднай раскошай выглядала прыватная саўна — чысьценькая, духмяная, з параўнальна прасторным прылазьнікам. Ірына Міхайлаўна расказала пра тое, што фіны ня любяць расейцаў і таму хадзіць у краму некамфортна, але грошай хапае нават на самыя што ні ёсьць далікатэсы. У доказ Ірына Міхайлаўна дала мне з сабой упакоўку падвэнджанага ласося і адмысловае фінскае печыва. Усе пачастункі паклалі ў маленькую валізку. «Бяры, Тацяна. Ты ў камандзіроўкі езьдзіш, табе валізка спатрэбіцца, а мне ўжо ня трэба», — сказаў на разьвітаньне Васіль Уладзімеравіч.
Васіль Быкаў у Фінляндыі
«Кабінэцік», дзе працаваў Быкаў, складаўся з табурэткі і невялікага століка, на якім стаяла друкавальная машынка. Але галоўнай каштоўнасьцю, як сказаў Быкаў, зьяўляўся для іх маленькі прымач, які даваў магчымасьць слухаць Свабоду. «Мы ўначы слухаем, бо лепей чуваць і перашкодаў менш. Гэта для нас глыток сьвежага паветра», — расказваў Быкаў. Васіль Уладзімеравіч вельмі пакутаваў ад таго, што не было побач сяброў і проста людзей, зь якімі б ён мог паразмаўляць пра падзеі ў Беларусі. «Мясьціны тут прыгожыя, але ўсё астатняе — як турма».
Калі мы вярталіся ў гатэль, я плакала. Я не магла бачыць ні Шыпука, ні Ярмошыну — тых людзей, якія зрабілі ўсё, каб беларусы страцілі сваю годнасьць, зрабілі невыносным жыцьцё чалавеку, якім бы справядліва ганарыўся любы іншы народ. Тады я зразумела, што ёсьць нянавісьць.
«Напэўна, кожнаму свой шлях да свабоды трэба прайсьці ў адзіночку», — гэтыя словы Быкава з «Доўгай дарогі дадому» сталі для мяне вызначальнымі. Сёньня мне падаецца, што ён ішоў да свабоды складаным шляхам гуманізму. І мы не павінны страціць памяць пра гэты шлях.