Уладзімір Караткевіч – той пісьменнік, дзякуючы якому многія беларусы сталі любіць і чытаць сваё. Без прымусу. Мастак і пісьменнік Адам Глобус, які некалі быў хлопчыкам Валодзем Адамчыкам і меў шанец назіраць за многімі зоркамі белліту, быў суседам Уладзіміра Сямёнавіча па лесвічнай пляцоўцы ажно двойчы. І напісаў пра гэта кнігу – “Наш сусед Караткевіч”, якую выдаў Фонд Kamunikat.org.
“Прадвесне. За акном сутонне і мокры снег…” Вы пішаце, што вершы Уладзіміра Караткевіча маюць водар малдаўскага каньяку і папяроснага дыму… А проза? Які водар мае проза Караткевіча?
- Проза Караткевіча для мяне ўвабрала ў сябе ўсе водары Беларусі — Беларусі старажытнай, Беларусі сучаснай і нават Беларусі будучай.
Калі найцікавейшай рысай літаратурнай творчасці пісьменніка лічыць незавершанасць, якая вымагае працягаў, варыяцый ды імправізацый, то ці верыце вы ў тое, што “Каласы…” мелі працяг? Калі так, то ці маем мы шанец знайсці яго калісьці?
- Калі прачытаць маю кніжку пра суседа ўважліва, дык можна зразумець, што ніякіх схаваных працягаў у рамана «Каласы пад сярпом маім» не было і не будзе; але будуць экранізацыі, будуць цудоўныя новыя ілюстрацыі, будуць артыкулы навукоўцаў і эсэ філосафаў пра выбітны твор беларускай літаратуры. Звычайна пра пошукі нібыта схаванага працягу рамана пішуць прайдзісветы і аферысты. Падобныя ім людзі сцвярджаюць, што Элвіс Прэслі ўсё яшчэ жывы, раман “Ціхі Дон” напісаў не Шолахаў, а Шэкспіра і Гамэра ніколі не было. Падобныя развагі могуць зацікавіць публіку і нават шырокую публіку, але ніколі не зацікавяць сур’ёзных і разумных людзей.
Як думаеце, ці проста было Караткевічу спалучаць тую ўяўную Беларусь і Беларусь савецкую за вокнамі яго кватэры (і на Чарнышэўскага, і на Карла Маркса)?
- Беларусь савецкая для Караткевіча была толькі часткаю вялікай і шматаблічнай гісторыі нашай Беларусі. Частка заўсёды, як мы ведаем, меншая за цэлае. Таму Караткевічу не было так цяжка, як некаму можа ўяўляецца.
А вам асабіста проста спалучаць жыццё мастака і пісьменніка?
- Гэтак жа проста, як спалучаць жыццё Уладзіміра Адамчыка і Адама Глобуса. Да сябе я стаўлюся з пэўнай іроніяй і пэўнай павагай. Так што мне жывецца лёгка. Праўда, Глобусу жывецца крыху лягчэй, чым Адамчыку.
Думаецца, вам двойчы пашанцавала мець суседам геніяльнага творцу, але… Вяртаючыся ў дзяцінства… Вы згадваеце, што Караткевіч часта губляў манеткі, падымаючыся ў сваю кватэру, а вы іх падбіралі (мілы смешны эпізод!) Ці збылася ваша мара назбіраць манетак і набыць урэшце жоўта-зялёнага папугая ў краме “Прырода”?
- На папугая я манетак не назбіраў. Давялося купіць марскую свінку, яна была ўдвая дзешавейшая. Так што першым пітомцам у мяне была марская свінка, а папугай так і застаўся ў няздзейсненых марах.
Якія мясціны ў сучасным Менску натхняюць Глобуса-мастака і Глобуса-пісьменніка?
- Розныя... Мастака натхняе ўвесь Мінск без выняткаў, а Глобуса-пісьменніка натхняе Мінск над Свіслаччу, Кальварыйскія могілкі і хлебазаводы.
Якая кава Глобусу найсмачнейшая?
- Кава, якую я п’ю з сябрамі ва ўніверсаме “Цэнтральны” і ў сваёй майстэрні, што знаходзіцца якраз над гэтым універсамам і станцыяй метро «Кастрычніцкая».
Якія кнігі найкаштоўнейшыя?
- Зборнікі з вершамі Басё на розных мовах, апавяданні майго таты Вячаслава Адамчыка, лірыка Сапфо і занатоўкі Сэй-Сёнагон у перакладах Веры Маркавай, афарызмы Вавенарга, Рамона Гомеса дэ ла Серны і Чарана. Яшчэ дзве кнігі з Бібліі: Кніга “Быццё” і Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка.
Сцеша Лісоўская, Kamunikat.org