- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Лідэраў дысыдэнтаў не выбіраюць, імі становяцца. Лідэрам дысыдэнцкага руху трэба ўспрымаць як свой посьпех амбіцыі маладога пакаленьня, што падрастае ў іхных партыях і асяродках. Раз ёсьць падрост, значыць, справа ня гіне, а разгортваецца. Барыс Тумар адказвае Аляксандру Фядуту. Затрыманьне і зьбіцьцё Лябедзькі, крымінальная справа супраць яго паводле абвінавачваньня ў тэрарызьме, затрыманьне Вячоркі пасьля Чарнобыльскага шляху. працяглае зьняволеньне лідэра Грамады Казуліна далі ясны адказ Аляксандру Фядуту. Фядута, нагадаем, заклікаў да ратацыі лідэраў партый — нехта, маўляў, мусіць узяць на сябе адказнасьць за паразы, маецца на ўвазе — за тое, што Лукашэнка ўсё яшчэ застаецца пры ўладзе. Ратацыя лідэраў — заўжды добра. Але сёньня быць сапраўдным палітычным лідэрам — гэта сядзець у турме. Гэта быць Махатмам Гандзі. Гэта рызыкаваць здароўем штодзённа. Хто схоча стаць такім лідэрам? Амбіцыёзных асобаў у дысыдэнцкім руху не бракуе. Ня ўсе сярод іх здольныя. Ня ўсе сярод здольных мужныя. Ня ўсе сярод мужных ня выберуць шлях кампрамісаў пры сутыкненьні з жорсткай рэальнасьцю, з рэальнасьцю не аднаго дня, а далёкай пэрспэктывы.