- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Першы ўдар. Зачыстка Гарадзеншчыны пачалася. Арыштаваны ваўкавыскі прадпрымальнік- аўганец Мікалай Аўтуховіч. Уражвае хуткасьць, зь якой найбуйнейшы ваўкавыскі бізнэсовец апынуўся за кратамі. У адзін дзень была ўзбуджаная крымінальная справа, Мікалай Аўтуховіч быў прызнаны падазраваным, потым абвінавачаным і ўзяты пад варту. Такі сьпех можа сьведчыць, што яго справа выходзіць за межу канфлікту прадпрымальніка і кантрольных органаў.Арышт ваўкавыскага бізнэсоўца Мікалая Аўтуховіча стаўся для яго абсалютнай неспадзяванкай. У пятніцу 14 кастрычніка прадпрымальніка запрасілі завітаць ва ўпраўленьне фінансавых расьсьледаваньняў у Горадні, каб азнаёміцца з матэрыяламі экспэртызы па фірме «Ніка-транс». Цікава, што следчы на тэрміновым прыезьдзе Аўтуховіча не настойваў. Відаць, гэта і падманула пільнасьць Аўтуховіча — не падазраючы нічога кепскага, той вырашыў усё-ткі прыехаць у Горадню. Будынак упраўленьня ён пакінуў ужо ў кайданках. Сьледзтва лічыць, што Мікалай Аўтуховіч не даплаціў за два гады і два месяцы 679 мільёнаў рублёў падаткаў. Паводле другой часткі артыкулу 243 крымінальнага кодэксу, яму пагражае ад трох да сямі гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці.