- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Найважнейшае з мастацтваў. Элегантны пачатак выбараў: затрыманыя 70 сяброў ініцыятывы «Партнэрства», што, выкупіўшы білеты на тры сэансы фільму «жах Амітывілю», сабраліся ў кінатэатры «Цэнтральны», каб стварыць грамадзкую арганізацыю для назіраньня за галасаваньнем-2006. У выніку моладзь зацьвердзіла статут і абрала кіраўніка проста ў Маскоўскім РУУС. Лукашэнка пра сваю перамогу на выбарах у 2001 годзе сказаў: «Улада прадэманстравала сілу і арганізаванасьць, а беларускі народ — мудрасьць і пасьлядоўнасьць. Гэта элегантная перамога». Відавочна, «элегантная» гатовасьць да чарговае выбарчае кампаніі — пытаньне нумар адзін для ўладаў. 29 кастрычніка незарэгістраваная грамадзкая ініцыятыва «Партнэрства» меркавала правесьці ўстаноўчы зьезд. Зьезд пачаўся ў кінатэатры «Цэнтральны», скончыўся ў РУУС Маскоўскага раёну сталіцы. Маючы досьвед апошніх гадоў, калі гарадзкія ўлады, дэманструючы сваю «сілу і арганізаванасьць», адмаўляюць у арэндзе памяшканьняў, удзельнікі зьезду «Партнэрства» пайшлі на неардынарны крок: набылі 60 квіткоў на тры ранішнія сэансы ў кінатэатры «Цэнтральны». Стужка называлася «Жах Амітывілю». У кінатэатры ад камэнтароў устрымліваюцца. Але для кіраўніцтва ўстановы пусьціць да сябе некалькі дзясяткаў чалавек, дамовіўшыся прадаць квіткі на сэансы, і не паказаць кіно, напэўна, было эканамічна выгадным.