- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Яшчэ плюс тры. Газэты «Народная воля», «Салідарнасць» і «Згода» ня ўключаны ў падпісны каталёг РУП «Белпошта» на першае паўгодзьдзе 2006 году. Улада робіць легальны выхад апазыцыйнай прэсы немагчымым. Газэты рыхтуюцца да пераходу ў падпольле. У аўторак 8 лістапада тры газэты атрымалі лісты, падпісаныя в.а. кіраўніка «Белпошты» Ірыны Самсонавай. А ўжо пасьля выходных, з 8 лістапада, яна не начальнік. Новай дырэктаркай РУП «Белпошта» прызначана Аляксандра Чарняк. Адказваючы на тэлефанаваньні рэдактараў незалежных газэт, яна падкрэсьлівае, што «не скасавала ніводнай дамовы». Ніхто не вінаваты. Газэты «Народная воля», «Салідарнасць» і «Згода» з 1 студзеня ня будуць разносіць па падпісцы, яны зьнікнуць з шапікаў «Белпошты», што гандлююць ураздроб. «Белпошта» паведаміла пра спыненьне дамовы з выданьням, зыходзячы з розных прычынаў: зьмяненьне графікаў выхаду без паведамленьняў, у сувязі з малым падпісным накладам і эканамічнай немэтазгоднасьцю, у сувязі з заменай друкарні… Але відавочна, што адмова палітычная. Ад ГРУП «Белсаюздрук» на адрас «Салідарнасці» ніякіх папер пра спыненьне дамовы (пакуль?) не прыходзіла. На адрас «Згоды» — таксама (у сталіцы «Менгарсаюздрук» газэту не распаўсюджвае). З «Народнай воляй» «Белсаюздрук» разарваў адносіны ўжо з 1 кастрычніка.