- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Віншаваньне ад Міністэрства інфармацыі. 16 лістапада «Наша Ніва» атрымала папярэджаньне. Папярэджаньне вынесенае за тое, што ў выходных зьвестках нумароў за лістапад «не паведамляе сапраўдны адрас рэдакцыі, што парушае артыкул 26 Закону «Аб друку і другіх сродках масавай інфармацыі». Падпісала папярэджаньне намесьніца міністра Лілія Ананіч. Нагадаем перадгісторыю. Раней «Наша Ніва» накіроўвала ў Менгарвыканкам заяву пра ўзгадненьне разьмяшчэньня рэдакцыі. Аднак у адказе за подпісам намесьніка старшыні гарвыканкаму М.Ціцянкова было сказана (па-расейску, вядома), што Менгарвыканкам «лічыць немэтазгодным разьмяшчэньне газэты «Наша Ніва» на тэрыторыі Менску». Між тым, беларускае заканадаўства не ўтрымлівае паняцьця мэтазгоднасьці, не прадугледжвае яно і ўзгадненьняў з ідэалягічнымі аддзеламі. Пасьля таго ліста М.Ціцянкова мы чатыры разы заключалі дамовы аб арэндзе памяшканьня. Аднак варта было нам подаць дакумэнты ў Мінінфармацыі і ў аддзел юстыцыі Менгарвыканкаму аб новым адрасе газэты, як літаральна праз пару дзён чарговы арэндадаўца, жудка напалоханы разрываў з намі дамову аб арэндзе. Адпаведна, праз пару тыдняў зь Міністэрства інфармацыі нам тэлефанавалі і паведамлялі: у іх ёсьць зьвесткі, што дамова з намі скасаваныя, таму яны ня будуць уносіць новы юрадрас у пасьведчаньне». За гэты ж час, акрамя таго, аднойчы быў скасаваны вынік аўкцыёну, паводле якога «НН» выйграла права арэнды офісу.