- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Трэба мірыцца. У сваіх унутраных спрэчках дэмакратычная апазыцыя падышла да небясьпечнай рысы. З высвятленьня вагі асобных палітыкаў палеміка перайшла ў сьветапоглядную галіну, з асобаў — на пробы партыйнае вагі, загаварылі найстрашнейшыя перажыткі каляніялізму, расейскамоўныя пачалі брацца на беларускамоўных і наадварот. Голасам стрыманасьці мусілі б прамаўляць інтэлектуалы, але, на жаль, і частку іх захапілі партыйныя прыналежнасьці; старыя крыўды адных, даўнія фанабэрыі другіх абудзіліся, падбіваючы да падрахункаў і рэваншу, падрываючы адзінства прыхільнікаў дэмакратыі і эўрапейскага выбару. Незаўважна пад пагрозай руйнаваньня аказалася ўсё тое, што напрацоўвалася цэлыя гады й дазваляла захоўваць прыцягальнай, жыцьцяздольнай і неперарыўнай дэмакратычную альтэрнатыву. Ня можна разбураць фундамэнтаў адзінства незалежнага грамадзтва. Ад гэтага зьменшацца шанцы Беларусі на ператварэньне ў дэмакратычную, скансалідаваную цэнтральнаэўрапейскую дзяржаву і надаўжэй зацягнецца перабываньне яе ў постсавецкім стане.