- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Культура беларусаў надзвычай шматгранная. Кожны абрад раскрывае адну з важных рыс характару нашага народа - імкненне адарыць усіх увагай, добрымі пажаданнямі, прыўнесці часцінку радасці ў кожную хату. 24 верасня ў Лідскім раённым цэнтры экалогіі, турызму і краязнаўства яблыку не было дзе ўпасці: тут ладзілася раённае свята Багач. У народзе казалі: "Прыйшоў Багач - кідай рагач, бяры сявеньку - сей памаленьку", а яшчэ: "Будзь багаты, як восень". Этымалогія назвы народнага свята цалкам адпавядала стану гаспадаркі людзей у гэты час: у палявых работах пастаўлена кропка, а ў засеках - збожжа, садавіна і агародніна. - У вёсках існаваў звычай, згодна з якім ад кожнага члена сям'і прыносілі па жменьцы жыта, абмалочанай з першага снапа на Зажынках. Жыта складалі ў агульную каробку (лубку), якая ўвесь год захоўвалася ў адной з вясковых хат, - расказвае намеснік дырэктара Лідскага раённага цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства Любоў Прадка. - У хаце, дзе знаходзіўся багач, святар служыў малебен "за новы лёс i Божую шчодрасць да людзей". Потым здзяйсняўся абыход вакол вёскі з каробкай, у цэнт-ры якой у зерне была ўстаўлена запаленая свечка. Пасля абыходу ішлі да хаты, у якой увесь наступны год павінна была захоўвацца каробка з жытам. Лічылася, што багач павінен прыносіць гаспадару дабрабыт, дастатак і здароўе.