- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Данута Бічэль (нар. 3 снежня 1937, в. Біскупцы Лідскага павета Наваградскага ваяводства Польшчы) - беларуская паэтэса. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы (1984) за зборнік вершаў "Дзе ходзяць басанож". Узнагароджана медалём. Займаецца грамадскай, літаратурнай, асветніцкай дзейнасцю. Нарадзілася ў сялянскай сям'і. Скончыла Наваградскае педагагічнае вучылішча (1957), аддзяленне беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Гарадзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы (1962). З 1962 года выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах Гародні. Сябар СП СССР (1964). З 1982 загадчыца Дома-музея Максіма Багдановіча ў Гародні. Вядомая грамадская дзеячка, адна з арганізатараў і актыўных удзельнікаў суполкі Максіма Багдановіча. Была адным з ініцыятараў выпуску самвыдавецкай газеты "Рэанімова". Пісаць вершы пачала ў школе. У друку выступае з 1958 (газета "Літаратура і мастацтва"). У вершах, арганічна звязаных з народна-паэтычнай традыцыяй, апявае Радзіму, жыццё вёскі, прыгажосць роднай зямлі. Інтуітыўна, цераз жаночую эмацыянальную псіхалогію выходзіць да філасофскіх пачаткаў.