- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
29 жніўня спаўнілася 100 гадоў з дня нараджэння беларускага крытыка, даследчыка роднай літаратуры і перакладчыка Уладзіміра Казберука (1923-2016), які быў родам з вёскі Бандары што на Беласточчыне. У беларускай літаратуры Уладзімір Казбярук з'яўляўся адным з грунтоўных даследчыкаў праблем беларускага рамантызму. Варта толькі прыгадаць па гэтай тэме кнігі аўтара: "Традыцыі польскага рамантызму ў беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя" (Мінск, 1972), "Рамантычны пошук: назіранні над беларускім рамантызмам пачатку XX стагоддзя" (Мінск, 1983). Па кнігах Уладзіміра Казберука да сённяшніх дзён настаўнікі-філолагі ў Беларусі вывучаюць творчасць Якуба Коласа. Гэта кнігі "Якуб Колас у школе" (Мінск, 1967, 1975), "Паэма Якуба Коласа "Новая зямля" (Мінск, 1979), "Якуб Колас (жыццё і творчасць)" (Мінск, 1962) і іншыя. Па творчасці Якуба Коласа дакастрычніцкага перыяду Уладзімір Казбярук абараніў кандыдацкую дысертацыю. Даследчык шмат пісаў пра польска-беларускія ўзаемаадносіны. Вынікам гэтага сталі яго працы "Традыцыі польскага рамантызму ў беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя" (Мінск, 1972), "Славянскія літаратуры і праблемы беларускага параўнальнага літаратуразнаўства" (Мінск, 1982). Вельмі цікавыя і да сённяшніх дзён не згубілі сваёй актуальнасці яго даследчыя артыкулы пра Янку Купалу, Алеся Гаруна, Францішка Багушэвіча, пра Янку Купалу і Марыю Канапніцкую, пра беларускія вершы Адама Міцкевіча, пра невядомыя вершы Зофіі Тшашчкоўскай і г.д.