- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
19 красавіка спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Усевалада Макаравіча Ігнатоўскага, чалавека, без якога цяжка ўявіць сабе сучасную беларускую навуку і адукацыю. Ён рана ўцягнуўся ў рэвалюцыйную дзейнасць. Тым не менш гэта не перашкодзіла яму атрымаць добрую адукацыю, вопыт работы настаўніка і навуковы досвед. У 1919 годзе ён падрыхтаваў і надрукаваў першую рэдакцыю хрэстаматыйнага «Кароткага нарыса гісторыі Беларусі». Аўтар характарызуе беларусаў як асобны народ, які мае сваю адметную гісторыю і права на сваё нацыянальнае самавызначэнне: «Сваю гісторыю мае беларус, хоць не ведае яе. Але павінен наступіць час, калі і беларус зацікавіцца гісторыяй свайго роднага краю. Без гэтага ён ніколі не зможа стаць грамадзянінам свае Бацькаўшчыны». Яшчэ не скончылася савецка-польская вайна, а Ігнатоўскі ўжо актыўна ўключыўся ў мірнае будаўніцтва маладой савецкай рэспублікі. У 1921 годзе яго прызначылі народным камісарам асветы. У той час Наркамат фактычна стаў галоўным цэнтрам беларускага нацыянальнага адраджэння. Дзякуючы дзейнасці У. Ігнатоўскага і яго паплечнікаў у Беларусі ўзнавілі работу сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках і ветэрынарны інстытут у Віцебску, былі адкрыты БДУ і Мінскі педагагічны тэхнікум, пачала сваю дзейнасць Навуковая камісія па стварэнню і апрацоўцы беларускай тэрміналогіі.