- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Створаны філіял кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання БДУ на базе Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Адпаведныя дакументы падпісалі кіраўнікі арганізацый – рэктар БДУ прафесар А. Кароль і дырэктар Цэнтра акадэмік А. Лакотка. Кафедру звязваюць даўнія навуковыя сувязі з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа, падмуркам якіх стала плённая сумесная праца па падрыхтоўцы новай рэдакцыі беларускага правапісу і рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Так, пад кіраўніцтвам прафесара В. Іўчанкава выконвалася сумесная навукова-даследчая праца «Беларускі правапіс: традыцыі, пераемнасць і перспектывы. Рэалізацыя Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» ў пераходны перыяд». У склад выканаўцаў ад НАН Беларусі ўваходзілі акадэмік А. Лукашанец, кандыдаты філалагічных навук Л. Кунцэвіч і Т. Трухан. Праводзілася сумесная праца ў друку і навуковых выданнях па растлумачэнні змен у правапісе. Новы імпульс для творчага супрацоўніцтва адкрые ўдзел калектыву кафедры і акадэмічных вучоных у распрацоўцы навуковага даследавання ДПНД «Беларуская мова ў сучаснай медыйнай прасторы і яе функцыянаванне ў іншых камунікатыўных сферах» на 2021–2025 гг., правядзенні вэбінараў для аспірантаў і саіскальнікаў, магістрантаў па актуальных тэмах сучаснай медыялінгвістыкі, рэалізацыі надзённых даследчых праектаў.