- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
26 жніўня – 1 верасня па ініцыятыве НАН Беларусі праходзіў Тыдзень роднага слова. Яго знакавыя падзеі – Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя, прымеркаваная да Дня беларускага пісьменства, урачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, выстава навуковых і творчых прац вучоных Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі. Сталіцай Дня беларускага пісьменства сёлета стаў старажытны горад Слонім на Гродзеншчыне, які прыняў больш за 50 тыс. гасцей. Напярэдадні свята была праведзена навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», удзел у якой прынялі вядомыя філолагі, гісторыкі, пісьменнікі, дзеячы мастацтва і святары. Яны правялі сустрэчы і гутаркі, прачыталі цыкл асветніцкіх лекцый у вёсках і аграгарадках Валожынскага, Маладзечанскага, Пухавіцкага і іншых раёнаў, наведалі славуты Лаўрышаўскі манастыр і прынеслі дабрадарны агонь ад Труны Гасподняй у горад над Шчарай, дзе запалілі лампаду асветніцтва ў гонар беларускага слова. У сваім віншаванні гасцям і ўдзельнікам свята Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Вялікая місія Дня пісьменства – аб’ядноўваць усіх беларусаў свету, перадаваць новым пакаленням літаратурныя і мастацкія скарбы нашага народа, любоў да матчынай мовы, выхоўваць беражлівыя адносіны да помнікаў даўніны, садзейнічаць умацаванню пачуцця гонару за Радзіму».