- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У перыяд з 31 жніўня па 6 верасня ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіўся «Тыдзень мастацкага слова», які ўключаў шэраг мерапрыемстваў з удзелам вучоных Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў. 1 верасня ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбылася прэзентацыя чарговага выпуску «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» (АЛА). АЛА – старэйшы па часе і буйнейшы міжнародны праект па даследаванні і лінгвістычным картаграфаванні фанетычных, граматычных, словаўтваральных і лексічных рыс усіх славянскіх моў. Ідэя атласа была выказана падчас І Міжнароднага з’езда славістаў (Прага, 1929 г.), а рэалізацыя пачалася з 1958 г. згодна з рашэннем IV (Маскоўскага) з’езда. Атлас пакрывае тэрыторыю ўсіх славянскіх краін. Аб’ём яго сеткі складае 853 населеныя пункты, з якіх было абследавана па адзінай праграме 830, у тым ліку 74 у Беларусі. У цяперашні час над выпускамі АЛА працуе міжнародны калектыў вучоных-лінгвістаў з акадэмічных устаноў 14 краін: Балгарыі, Беларусі, Германіі (Сербскі інстытут у Будышыне), Паўночнай Македоніі, Польшчы, Расіі, Сербіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Чарнагорыі і Чэхіі. Корпус АЛА ў гэтым годзе папоўніўся. У выдавецтве «Academia» (Прага, Чэхія) у сакавіку пабачыў свет дзявяты выпуск фанетыка-граматычнай серыі, прысвечаны вельмі важнаму і істотнаму для славістыкі раздзелу гістарычнай фанетыкі – рэфлексам спалучэнняў галосных о і е з т. зв. «плаўнымі» (*tort, *tolt, *tert, *telt, *ort, *olt).