Сяргей Дубавец у новым выпуск падкасту «Літаратурныя зацемкі» дзеліцца сваім досведам працы ў журы прэміі імя Карласа Шэрмана, якой ганаруюцца найлепшыя перакладныя кнігі. Развагі ў аўтарскім падкасце — суб’ектыўнае меркаванне цікаўнага чытача, які шукае асабіста для сябе літаратурныя адкрыцці.
Чытаць пераклады — гэта як рабіць адкрыцьці. Выйшла кніга ў іншай краіне на іншай мове і нарабіла шуму, пра яе гавораць, спрачаюцца. І толькі калі яна зьяўляецца ў перакладзе, ты яе разгортваеш, ты яе для сябе адкрываеш, і здараецца дзіва, яна робіцца тваім здабыткам. Талент перакладніка ўвасобіў твор у родным слове і ты, чытаючы, зусім не адчуваеш, што гэта — пераклад.
Калі сёлета мяне запрасілі ў журы літаратурнага конкурсу перакладаў імя Карласа Шэрмана, я, натуральна, акрэсьліваў для сябе крытэрыі ацэнкі тэкстаў і шукаў менавіта адкрыцьця. Усьцешны для мяне вынік быў у тым, што сярод больш чым двух дзясяткаў кніг я такія адкрыцьці знайшоў. Вядома ж, гэта толькі мой суб’ектыўны прыватны погляд.
Сёлета паралельна два асобныя журы працуюць над прэміямі сэзонаў 2023 і 2024. Гэта тлумачыцца немалымі аб’ёмамі, калі асобныя кнігі важаць кіляграмы і складаюць пад тысячу старонак. А разглядаюцца прэтэндэнты ў трох намінацыях: кнігі прозы, кнігі паэзіі і выданьні для дзяцей.
Сяргей Шупа, перакладнік усяго найлепшага ў сьвеце, з будзь якіх моваў — у сваім сьпісе фаварыт — з кнігай нумар адзін літоўскага сьпісу 100 найлепшых літоўскіх кніг. Раман Антанаса Шкемы «Белы саван» аўтар пісаў у 1950-я, працуючы ліфцёрам у гатэлі ў Нью-Ёрку. Гэта твор, адначасова і вельмі літоўскі і выразна заходні, моцна аўтабіяграфічны.
Жыцьцёвы шлях Шкемы ні на чый не падобны, а пры тым тыповы, і ня толькі для літоўцаў, але і для сучасных яму беларусаў. Калі-небудзь мы праб’емся да разуменьня гэтага парадаксальнага факту, але можам пачаць гэтую справу ўжо цяпер, чытаючы «Белы саван».
Шкема належыць да паваеннай эміграцыі, дзе і ў беларусаў стваралася не абы-якая літаратура, выходзілі дзясяткі кніг. І ўсё гэта было жорстка забаронена ў СССР. Толькі ў 1989 годзе «Белы саван» быў надрукаваны ў Літве і стаў арганічнай часткай літоўскай літаратуры, сёньня ён у абавязковай школьнай праграме. А беларуская эмігранцкая літаратура калі й друкуецца ў Беларусі, дык крадком, а цяпер яна зноў умоўна забароненая.
Асабіста мяне гэты твор, напісаны больш за 70 гадоў назад уражвае тым, што ён ня толькі не састарэў, а наадварот, стаў яшчэ больш адчувальна сучасным. Нават больш за тое, ён падаецца мне заўтрашнім. Можа быць, таму, што мы яшчэ даганяем яго, яшчэ ня ўставілі найлепшыя творы нашых пісьменьнікаў эмігрантаў у школьную праграму.
Ведаючы Сяргея Шупу як бездакорнага перакладніка, я падумаў, што міжволі толькі яму і даваў бы кожны год перакладніцкую прэмію, пагатоў, што перакладае ён шмат, іншы раз некалькі кніг адначасова.
Але вось зьявілася яшчэ адна кніга, якая пахіснула мой выбар і зрабіла на мяне моцнае ўражаньне.
***
Перакладніка Ўладзіслава Гарбацкага я чытаў, здаецца, упершыню. І пераклад падаўся мне стылёва іншым, чым у Шупы, але таксама па-свойму бездакорным, плюс на ягоную карысьць, кніга аказалася выключнай і паводле сваёй тэмы і са сваёй пакручастай біяграфіяй.
Гэта раман Франка Варжака «Чысты баранок». 80 старонак тэксту. Сучасная француская проза, настраёва нагадвае Мішэля Уэльбэка — лёгкая, чытэльная, з гарманічна збудаваным сюжэтам. Нішто чужароднае не чапляе ў тэксьце, не нагадвае, што гэта пераклад. У выніку — поўнае праўдападабенства, якое, вядома, у прозе стварае эфэкт найвышэйшае праўды.
Адным словам, гэта раман пра пэдафілію. Гучыць як злачынства. Гэта расповед дарослага мужчыны пра прыгоду, якая здарылася зь ім у 13 гадоў, калі трэнэр дзюдо 30-гадовы Фабрыс запрасіў яго павудзіць рыбу ў моры і калі пачалася іхная сувязь. Крытык газэты Le Monde адзначыў адвагу аўтара ўзяцца за такую тэму, якая мае асуджэньне ў наш час.
Аўтар папярэджвае расповед наступнымі радкамі:
«За ўсё маё жыцьцё я цалаваў толькі адныя вусны, лашчыў толькі адное цела. Чаму ж хлопчык трынаццаці гадоў так лёгка аддаўся абдоймам мужчыны трыццаці двух гадоў? Я ня ведаю. Але сяньня я ведаю, што спазнаў імгненьні бясконцага шчасьця, і нішто: ані высылка, ані зьнішчальнае забыцьцё маіх крэўных, нішто не прымусіць мяне шкадаваць аб гэтых імгненьнях чыстага каханьня. Што яны ведаюць аб чысьціні? Варта мець трынаццаць гадоў, каб зразумець гэта».
Фабула пачынае разрывацца паміж гэтым каханьнем і навакольным сьветам, які жыве без каханьня. Урэшце ўсё сканчаецца сумна, бо і ў гэтых двух каханкаў сьвет адбірае іхняе каханьне. Мараль, калі б аўтар хацеў выснаваць мараль, зьвялася б да шэксьпіраўскай п’есы «Рамэа і Джульета» — пра сьвет, які страчвае або губіць любоў. Але маралі няма, няма тут і ахвяраў. Толькі каханьне засталося ў памяці.
Расповед вядзецца ад імя падлетка, які моцна перажывае супрацьлеглыя эмоцыі, ён страчвае ўсякі сэнс жыцьця і знаходзіць яго толькі ў сустрэчах з Фабрысам, ён страчвае сувязь зь сям’ёй, ён шакаваны тым, што мусіць моцна хаваць тое, што, на яго думку, дае яму адчуваньне шчасьця. Але ж і я, чытаючы, упадаю ў задуменьне: я бачу, як ён цягам гэтага часу дэградуе ў пляне свайго разумовага і душэўнага разьвіцьця. Я нават уявіў, што ці ня ў кожнага падлетка, які затрымваецца ў разьвіцьці, ёсьць недзе такі свой старэйшы таварыш. А гэты таварыш, дарослы і цалкам самастойны, у сваёй захопленасьці робіцца зусім бездапаможным... І разам з тым разумееш, што фармальна нічога аблуднага ці злачыннага не адбываецца, нават наадварот. Хтосьці знаходзіць сваё шчасьце, якое ў разуменьні публікі ёсьць злачынствам супраць самога сябе.
У «Пасьляслоўі перакладніка» Ўладзіслаў Гарбацкі распавядае, як 20 гадоў таму набыў гэтую кнігу ў парыскай кнігарні і быў уражаны як сьмеласьцю аўтара, так і тым, што выйсьці па-беларуску ў кнігі няма ніякага шанцу. І гэта падштурхнула яго зрабіць пераклад. Пасьля пачаліся доўгія пошукі кантакту аўтара, каб дамовіцца на публікацыю па-беларуску. Пасьля згарэў кампутар Гарбацкага разам гарапашным файлам. І віцебскія і менскія майстры раілі яму выкінуць дыск. Цытую:
«Аднаго вечару ў 2018 годзе пасьля чарговай безвыніковасьці я пажаліўся на бяду свайму партнэру. Ён узяў мой сапсаваны каляны дыск і паабяцаў паглядзець яго. Па хуткім часе ён прыйшоў з флэшкай, на якой знаходзіўся скарб з майго калянага дыску — яму атрымалася знайсьці майстра, які ажывіў дыск і вярнуў мне шмат матэрыялаў зь мінулага, у тым ліку багата перакладаў, якія я зрабіў у маладосьці. Так, да мяне вярнуўся пераклад раману „Чысты баранок“, які я зрабіў чатырнаццаць гадоў перад тым!»
Пачаліся новыя пакутлівыя пошукі аўтара, якія зноў ні да чаго не прыводзілі. І толькі ў 2023 годзе ўсё нарэшце сышлося. Варжак і Гарбацкі пачалі ліставацца, у выніку чаго выйшаў беларускі пераклад, першы ўвогуле пераклад гэтай францускай кнігі.
Гэтая гісторыя, шчыра кажучы, больш нагадвае містыфікацыю, хоць тую францускую кніжку я лёгка знайшоў на Amazonie. Гарманічнасьці выданьню надае і тое, што тэкст пісаны клясычным правапісам, то бок і тут чыстая беларушчына, без наслаеньняў хлусьні, наробленай у 20-м стагодзьдзі. А галоўнае, для мяне раман стаў сапраўдным адкрыцьцём, а значыць можа стаць адкрыцьцём і для многіх іншых, бо саму такую кнігу містыфікаваць немагчыма.
Словам, я скараціў свой выбар герояў прэміі Шэрмана максымальна, але ўсё адно ў мяне засталося два фаварыты.
***
І вось што адбылося далей. З паэзіяй здарылася такая самая сытуацыя, бо таксама сустрэліся дзьве кнігі — два ўвасобленыя адкрыцьці.
Чытаючы зборнік вершаў
Сяргія Жадана «Іншае імя любові» ў перакладах
Андрэя Хадановіча, я па-сапраўднаму зачараваўся.
«Мова, як іншае імя любові.
Мова, як доказ існаваньня нашага тагасьвецьця —
не адступае ад цябе, нібы аўчарка, што ўласна цябе
абрала ў ранішнім натоўпе і цяпер
аддана вартуе тваю лютую самотнасьць.
Будзе глыбейшаю за памяць,
будзе трывалейшаю за выдых,
і калі сыду, я пачую цябе і з таго боку маўчаньня».
У кнізе — вершы з розных зборнікаў, і гэта вельмі добра, што незнаёмы чытач пазнаёміцца з адборным Жаданом. Тут такая вобразнасьць і ўзровень паэтычнага мысьленьня, калі публіка будзе ўвесь час крычаць «геніяльна» — як калі чытаеш паэзію ляўрэатаў Нобэля: у Чэслава Мілаша ці ў Ёсіфа Бродзкага ці ў Віславы Шымборскай — каго ні згадай — гэты ўзровень быццам трохі вышэйшы, трохі больш размашысты. Такая сьмелая вышыня і глыбіня, куды іншы і не зазірне, гэта як нейкае чэмпіёнства. Як калісьці казаў Уладзімер Караткевіч: «Зрабі ўсё, што можаш і трошачкі больш». Асабіста я проста адкрыў для сябе Жадана, і ні разу не адчуў, што чытаю пераклад.
«І штосьці абавязкова даецца ўзамен,
калі адбіраецца гэтак шмат».
Гэтыя радкі адразу прыводзяць на памяць вочы, бо гэтыя радкі быццам застылі ў вачох украінскіх ваяроў і тлумачаць нам, чаму яны перамагаюць макабрычнага і больш моцнага ворага.
«Кажы пра ўпартасьць хвояў,
што ўкараняюцца ў пяску,
як русізмы ў мове.
Уся паэтыка твайго кантынэнту
вырастае са сьпеву і вінаграду.
Кажы пра вінаград, пра залатую
цягучасьць лазы, што змацоўвае сабой
межы, падобныя да швоў
новага шыняля».
***
Я ўжо быў перакананы, што Андрэй Хадановіч — мой абсалютны фаварыт. Але наступная кніга ізноў прымусіла мяне задумацца.
Гэта сучасны амэрыканскі паэт Ільля Камінскі, яго кніжка «Рэспубліка глухіх» і дзьве яе перакладніцы — Юля Цімафеева і Вальжына Морт. Тут адкрыцьцём стаў погляд на тое, што піша Сяргій Жадан быццам зь іншага боку зямлі — літаральна, а вобразна — быццам зь іншага космасу.
Верш называецца «Мы жылі шчасьліва падчас вайны»:
«І калі яны бамбілі чужыя дамы, мы
абураліся,
але замала, мы пратэставалі, але
замала. Я сядзеў
у ложку. Вакол майго ложка Амэрыка
развальвалася: нябачны дом за нябачным домам за нябачным домам.
Я вынес зэдлік на двор і глядзеў на сонца.
У шосты месяц
паскудзтва ў доме грошай
на вуліцы грошай у горадзе грошай у краіне грошай,
у нашай прыўкраснай краіне грошай мы (зьлітуйся над намі!)
жылі шчасьліва падчас вайны».
Дзіўны сымбіёз з элемэнтаў драматургіі, хронікі, успамінаў, жэстаў рук ды шмат чаго яшчэ, напісаны паэтычнай мовай, стварае адчуваньне, што гэта тая літаратура, якой я яшчэ не чытаў.
Аўтар — Ільля Камінскі — нарадзіўся ў Адэсе і фізычна мае дрэнны слых. Сама кніжка «Рэспубліка глухіх» сканчаецца радком:
«Глухія ня вераць у цішыню. Цішыню прыдумалі тыя, хто чуе».
***
У разьдзеле дзіцячых кніг са мной адбылося тое, што я магу назваць аднаўленьнем гістарычнае праўды.
Гэта даўняя, прычым наша гісторыя, бо ўсе ў Савецкім Саюзе дзецьмі чыталі кніжку «Волшебник изумрудного города», напісаную ў Расеі Аляксандрам Волкавым у 1939 годзе паводле амэрыканскага арыгіналу Фрэнка Баўма 1900 году і былі перакананыя, што чытаюць арыгінальны твор. Трэба сказаць, што кніга Баўма мела вялікае мноства плягіятаў і працягаў у розных літаратурах, але найбольш папулярным у сьвеце застаецца менавіта амэрыканскі арыгінал «Чараўніка Краіны Оз» — пра той самы Горад Смарагдаў. І каб пераканацца ў слушнасьці такога выбару чытачоў, трэба адчуць захапляльнасьць яго беларускага перакладу.
Па-беларуску я прачытаў кнігу, раз прысеўшы, і ацаніў дасканаласьць тэксту, дзе няма ніводнага лішняга слова, ёсьць дынамічны сюжэт, ёсьць рытм і ўцягваньне чытача ў інтрыгу прыгодаў. Думаю, не адзін я ўбачыў тут для сябе адкрыцьцё.
***
Сярод кніг, што вылучаныя на літаратурную прэмію імя Карласа Шэрмана ёсьць і выдатныя, і патрэбныя творы, і тыя, што мусяць абавязкова быць у нашай нацыянальнай бібліятэцы. Але я разглядаў іх паводле сваіх прыватных крытэраў, і, расказваючы пра ўсе кнігі, быў бы вымушаны тлумачыць, чаму яны ня сталі для мяне адкрыцьцём. А гэта не ўваходзіла ў маю задачу і было б ня надта карэктна ў дачыненьні да аўтараў, перакладнікаў ды іншых сябраў журы, кожны зь якіх будзе глядзець на справу сваімі вачыма. І вынік можа быць зусім іншым. Усё ж гэта суб’ектыўны падыход — шукаць у кнігах адкрыцьці. Але я ўсьцешаны, што я іх знайшоў.