- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
З начальнікам беларускай дзяржавы зноў загаварылі. Ды не абы хто?! У параўнанні з новымі суразмоўцамі з Захаду, расійскія Генадзій Зюганаў і Аляксандр Праханаў, якія імгненна прыляцелі ў Мінск, каб падтрымаць пазіцыю беларускага ўрада ў канфлікце з Расіяй, гэта дробязь не вартая ўвагі. Гэтыя і раней наведваліся. Куды ім яшчэ ездзіць з бязглуздымі ідэямі аб’яднання пралетарыяў дзвюх краін або сялян адной імперыі. А вось візіт Рэнэ ван дэр Ліндэна — старшыні Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы сапраўды стаў для Беларусі гэткім еўрасюрпрызікам. Прычым для ўсіх: і для ўлады, і для апазіцыі. Улада не спадзявалася хіба, што Еўрасаюз яе яшчэ можа разглядаць як суб’ект для перамоў. Ну, а апазіцыя якраз чакала таго, што Еўропа будзе спрыяць, каб улада села за стол перамоваў менавіта з апазіцыяй. А так яна нібыта стала ўвогуле лішняй, паміж прагматычным Захадам і транзітам расійскай нафты. Ну, а пасля такой увагі нашай краіне з боку еўрапейскага максі-палітыка ўсё пайшло само па сабе. Замежныя вядомыя тэлеагенцтвы і невядомыя журналісты ў імгненне вока засыпалі ўсю еўрапейскую прэсу тым шматслоўем, якое беларусы змушаны слухаць ужо дванаццаць гадоў. Вось табе і на! Гэта вам не ўлюбёныя і перыядычна ладжаныя прэсавыя канферэнцыі для расійскіх журналістаў, што прыязджаюць з такой глухой правінцыі, дзе чытачы выкарыстоўваюць газеты выключна ў якасці туалетнай паперы.