- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Адным з цікавейшых жанраў на тэлебачанні ёсць публічныя дэбаты. Паколькі на „беларускіх” тэлеканалах найбольш вострымі і радыкальнымі бываюць тэмы кшталту „Ці верыце вы ў сны?”, айчынны глядач шукае сапраўдныя дыскусіі на расійскіх „кнопках”. Там таксама за два тэрміны пуцінскага рэжыму свабоднага слова паменела ў разы, але час ад часу нешта можна ўбачыць і паслухаць. Неяк, ды і ўвогуле, пашчасціла — у адной са студый сабралі многа разумных людзей (звычайна, адбываецца жорсткая фільтрацыя і дазіроўка іншадумства, а тут добрая палова залы выказвала крамольныя па сённяшніх часах думкі). А гутарка тычылася дачыненняў Расіі з Амерыкай і сённяшняга месца расійскай дзяржавы ў сусветнай геапалітыцы. Самая страшная хвароба на свеце — гэта шавінізм. Расійскі шавінізм мае трывалыя карані і традыцыі, а зараз на ім грунтуецца дзяржаўная ідэалогія. Менавіта з шавінізму вырасталі ўсе расійскія і савецкія войны, усялякія там эканамічныя інтарэсы — усё гэта другасныя рэчы. Менавіта ахвярамі вялікадзяржаўнага шавінізму сталі ў наш час няшчасныя падводнікі „Курска”, школьнікі Бяслана і гледачы „Норд-оста”, тысячы чачэнскіх дзяцей і расійскіх салдат. А колькі гэтых ахвяраў наперадзе (махавік таталітарнай машыны раскручваецца вельмі хутка)!