- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
26-27 траўня ў Мінску прайшоў Кангрэс Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі. Адбываўся ён на крыху нязвыклым фоне — улада пад ціскам міжнародных структур пачала выпускаць на волю палітычных вязняў. Ды і сам факт правядзення Кангрэса не за мяжой, а ў сталіцы краіны пра нешта сведчыць. Пасля некаторых інсінуацый быў дадзены дазвол на правядзенне дэмакратычнага форуму пад дахам вялікага аўтазаводскага палаца культуры. Нейкіх правакацый, на гэты раз, улада таксама не чыніла. Тым не менш, у суботу ўсё пачалося са скандалу. Перш чым прагучаў першы запланаваны даклад, адбыўся разлад. Да мікрафона выйшаў Мікалай Статкевіч, які адразу „пайшоў у атаку”. Ён заявіў, што найперш трэба вызначаць стратэгію дзеянняў. Прапанаваную ж аргкамітэтам ён назваў „стратэгіяй страху і стомленасці”, прапанаваўшы сённяшнім кіраўнікам Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС) „вудзіць рыбу і разводзіць хамячкоў”. У тон яму прамаўляў яшчэ адзін палітвязень, які напярэдадні выйшаў на волю — Павел Севярынец. У гэты ж час непрыгожы вэрхал і лямант у зале распачала група моладзевых актывістаў. Гарачыя галовы справядліва памкнуўся астудзіць Юры Хадыка, выступ якога быў мудрым і разважлівым, але шаноўнага прафесара „бунтаўнікі” таксама „ўзнагародзілі” абструкцыяй.