- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Выказванне пра тое, што калі ты не займаешся палітыкай, то палітыка зоймецца табой, настолькі старое і зацёртае, што ў большасці выпадкаў у нас успрымаецца як пустая і не маючая аніякага сэнсу фраза. Маўляў, можа дзе-небудзь яна і актуальная, але не ў Беларусі, бо дзяржаўныя органы якраз цікавяцца менавіта тымі людзьмі і структурамі, што лезуць не ў сваю справу, якая і называецца палітыка. А тыя людзі, што не спяшаюцца сунуць нос у сферу неафіцыйна забароненых для простага смяротнага беларуса дзеяў, нібыта жывуць хоць і не надта заможна і вольна, але без нікому непатрэбных клопатаў і праблемаў. На жаль, гэтая думка агульнараспаўсюджаная і, мажліва, прыжылася яна не без дапамогі адпаведных дзяржаўных службаў, якія ў спадчыну ад сваіх савецкіх правобразаў атрымалі і ўменне маніпуляваць грамадскай думкай з дапамогай пляткарства і нагавораў, і, таксама, здольнасці да распаўсюду ілжывай, або палохаючага зместу інфармацыі. Як бы там не было, а бальшыня беларусаў верыць у тое, што іх ніхто не кране, калі яны самі не закрануць палітычнай сферы. Можа таму так баяцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь засвяціцца у якой-небудзь грамадскай арганізацыі або палітычнай партыі, а тым больш на масавай пратэстацыйнай акцыі, і бяздумна вераць у тое, што пры выкананні няпісаных правілаў маўчання і бяздзеяння іх праміне гэта чаша палітычнага пераследу.