- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Падставовая школа ў Кленіках з’яўляецца філіялам Комплексу школ у Чыжах і на заняткі ходзіць там, разам з дашкольнікамі, толькі 26 дзетак. Аднак застаецца яна адукацыйным і культурным цэнтрам вялікай вёскі і навакольных хутароў, а бацькі хацелі б, каб школа існавала як найдаўжэй. Стопрацэнтная прысутнасць дзетак на занятках беларускай мовы сведчыць, што бацькі адказна ставяцца да роднага. Вялікая і багата абсталяваная рэгіянальная зала з даўнімі прыладамі працы і старымі вырабамі таксама ўзнікла з дапамогай жыхароў Кленік. Бацькі і настаўнікі рады, што ў школе свойская і сямейная атмасфера, а ў невялікіх класах можна з вучнямі працаваць амаль індывідуальна, асабліва з тымі, якія па розных прычынах адстаюць у навуцы. Калі я наведаў школу 22 чэрвеня, у дзень развітання вучняў з настаўнікамі, сустрэў бацькоў, якія таксама вучыліся ў кленіцкай школе. Вялікі мураваны школьны будынак распаложаны ў цэнтры вёскі, насупраць высокай царквы. У развітальны дзень на шырокіх калідорах развешаны былі яшчэ насценгазеты, а побач кабінета дырэктара, у якім час ад часу працуе Міраслаў Пяткевіч (кіруе ён Комплексам школ у Чыжах і заадно кленіцкім філіялам), убачыў я бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня. Каля іх былі цытаты, якія заахвочвалі да навучання роднай мовы. Урачыстае мерапрыемства распачалося з выступленняў дзетак, якія дэкламавалі вершыкі і спявалі песні, завучаныя на працягу школьнага года. Частка выступленняў была (...)