- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Сённяшняя Расія для беларусаў не толькі галоўны эканамічны партнёр. Гэта краіна не збіраецца выпускаць Беларусь з-пад свайго кантролю і многае ў нас будзе залежаць ад таго, якая палітычная канфігурацыя складзецца там. Таму я ніяк не мог абысці тэму, якую падняў у сваім артыкуле „Дзень Расіі” Васіль Сакоўскі (Ніва н-р 27). Аўтар „Дня Расіі” шчыра і наіўна захапляецца постаццю Пуціна. Верыць у тое, што той добра ведае, што патрэбна сённяшняй Расіі і „дабіваецца таго”. Асабліва спадабалася Сакоўскаму, што на святкаванні Дня Расіі Уладзімір Уладзіміравіч узнагароджваў расійскіх навукоўцаў (прыярытэт быў аддадзены работнікам ваенна-прамысловага комплексу) і дзеячаў культуры прэміяй імя „патрыярха адроджанай Расіі Аляксандра Салжаніцына”, а пасля знайшоў час наведаць таго асабіста. Напрыканцы аўтар артыкула прыходзіць да высновы, што менавіта такая моцная рука як у КГБэшніка Пуціна, які можа падняць Расію з каленяў, і патрэбна расіянам. Яны „такіх павадыроў любяць”. А ці задумаўся пра тое аўтар, якім чынам дасягаецца такая фанатычная любоў? Ці правёў аналогіі з любоўю кітайцаў да важака Мао, паўночных карэйцаў да свайго рулявога? Ды што там Азія! Яшчэ нядаўна і рускія людзі (каго не паспелі расстраляць НКВДэшнікі) хадзілі з партрэтамі Іосіфа, а немцы маліліся на Адольфа, які абяцаў „падняць з каленяў” прайграўшую Першую сусветную вайну Германію.