- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
З прыходам восені на Беларусі заўсёды актывізуецца палітычнае жыццё. Апазіцыя плануе правесці шматколькасны „Еўрапейскі марш”, які павінен даць штуршок актыўнасці перад парламенцкімі выбарамі і засведчыць, што Палітрада Аб’яднаных дэмакратычных сілаў не спала ў шапку цэлае лета. Безумоўна, у розных кутках краіны будзе адзначацца „Дзень беларускай вайсковай славы”, прысвечаны перамозе беларускіх войскаў над расіянамі ў бітве пад Оршай. На Гродзеншчыне ўжо ідзе падрыхтоўка да правядзення традыцыйнага „Дня палеглых за Айчыну” ў Свіслачы. У іншых рэгіёнах таксама ўсталяваліся свае традыцыі восеньскай палітычнай актыўнасці. Але, паўсюдна, будуць яны праходзіць з невялікім перапынкам на капанне галоўнай сельскагаспадарчай культуры — бульбы. Бульба гэта святое. Недзе ў свеце называюць яе другім хлебам. А ў Беларусі кажуць, што хлеб — другая бульба. Каб не яна, то пры Савецкім Саюзе лягчэй было б рэалізаваць праграму па сціранню нацыянальных адметнасцей беларусаў і больш паспяхова праводзіць палітыку русіфікацыі. Беларусы і ад рускіх, і ад іншых якраз адрозніваліся тым, што кожны мусіў пакінуць гарадскую кватэру, каб паехаць памагаць бацькам парыцца ў зямлі ў пошуках некалі прывезенай з Амерыкі сельскагаспадарчай культуры. І справа нават не ў тым, што паліва на праезд да роднай вёскі часамі каштавала больш, чым увесь ураджай і што трэба было ўцякаць з асноўнай працы, рызыкуючы згубіць яе. Ніхто так не лічыў. (...)