- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Яўрэі здаўна жылі ў Бельску-Падляшскім, у непадалёк распаложанай Орлі і іншых мясцовасцях Бельскай зямлі. Калі б не Другая сусветная вайна і Галакост, пэўна пражывалі б тут да сёння. Старшыня аб’яднання „Музей малой айчыны ў Студзіводах” Дарафей Фіёнік, заадно гісторык і фалькларыст, ад нейкага часу даследаваў гісторыю жыдоў у Бельску-Падляшскім. Важныя і цікавыя моманты з іх жыцця прэзентуе ён у апошнім нумары часопіса „Бельскі Гостінэць”, з якім 26 лістапада пазнаёміў бяльшчан у час сустрэчы ў музеі ў Ратушы. Аднак яшчэ да гэтай сустрэчы адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі, прысвечанай памяці жыдоўскай грамадскасці Бельска-Падляшскага. Знаходзіцца яна побач скрыжавання вуліц Казімяжоўскай і Казаноўскага (побач комплексу з крытым басейнам). — Тут было цэнтральнае месца жыцця бельскіх жыдоў, тут знаходзілася бажніца, непадалёк была школа, лазня і дамы, якія насялялі яўрэі, — гаварыў Дарафей Фіёнік ля памятнай дошкі. Яе ўрачыста адкрылі Дарафей Фіёнік, Ева Охман-Храбалоўская — нашчадак бельскіх жыдоў і Анатоль Вап — дырэктар дэпартамента культуры і нацыянальнай спадчыны Маршалкоўскай управы ў Беластоку. (А. Мароз, Яўрэі ў Бельску-Падляшскім, фрагмэнт)