Новая песня на верш Уладзіміра Някляева „ВАМ”
2020-07-08 22:03
Дзяніс Тарасенка, гурт «РСП»: Песня атрымалася шчырай, праўдзівай і пра самае набалелае. Чалавечае нягодніцтва нельга апраўдаць ні службай, ні абставінамі, ні загадамі. Толькі маральны выбар характарызуе чалавека. У нашай агульнай сённяшняй сітуацыі гэты выбар актуальны, як ніколі. І кожны чалавек адказны за свой выбар.
Ілля Чарапко, гурт «Петля пристрастия»: Наконт песні: было б дзіўна не выказацца нейкім чынам, не выразіць свае адносіны наконт таго, што адбываецца. Асабліва ў момант, калі кансалідацыя грамадства неабходная як ніколі. Уласна, песня гэтая і з’яўляецца дэманстрацыяй таго, што ў дадзены момант людзі, што маюць адносіны да творчасці, выступаюць адзіным фронтам.
Алесь Дзянісаў, гурт «DZIECIUKI»: Мне адразу ўсё спадабалася і я адразу ж згадзіўся, бо песня вельмі добрая. Ці зрабіў я нешта, каб яна стала лепш – няхай ацэньваюць слухачы. Што яшчэ сказаць? Афігенная песня!
Віктар Рудэнка, гурт «Rostany»: Мне вельмі пашанцавала з някляеўскімі радкамі, якія я выконваю ў песні. Яны цалкам пра мяне, да кожнай літары. Сапраўды, «каб не здохнуць» прадаваў вершы, а яшчэ назіраў, як прадаецца тое, што прадавацца не павінна. І ў цэлым усё менавіта пра скрадзеныя 26 гадоў майго жыцця, у якім я планаваў быць значна больш смелым артыстам, значна больш амбіцыйным і карысным грамадзянінам маёй Беларусі — зусім іншым “я”. Песня пра гады, спаленыя ў надзеях і растаптаныя ў брудзе безнадзейнасці, песня адчаю иэі злосці.
Анастасія Шпакоўская, гурт «Naka»: Песня пісалася лёгка, на адным дыханні, бо словы Уладзіміра Някляева зараз блізкія кожнаму беларусу. Я ад усяго сэрца дзякую ўсім нераўнадушным, з кім разам стваралася гэтая песня. Я ад усёй душы ўдзячная ўсім, каго яна натхніць апамятацца і не садзейнічаць подласці і падману.
Відэакліп на песню зняў і змантаваў пры садзеянні кампаніі «Годна» рэжысёр Аляксандр Духан.
Паводле прэс-рэлізу