Навінка ад
Макса Шчура ўяўляе сабой кнігу ўспамінаў, белетрызаваную аўтабіяграфію, выданне якой запланаванае на люты наступнага году.
Сам аўтар вызначае жанр кнігі як “мэм-угáры”. Ягоная спроба зразумець, чым ёсць само па сабе і як узнікае асобна ўзятае чалавечае “я”, падаецца з уласцівым аўтару гумарам, часта на мяжы здзеку: не толькі з чытача, але і з сябе самога.
Пра што кніга? Дзеянне кнігі пачынаецца ў 1910-м і заканчваецца ў 2006 годзе. Гісторыя сям’і беларускіх партызан і аргентынскіх рэпатрыянтаў, (не)савецкае дзяцінства, перабудова ў асобна ўзятай школе на ўскрайку Брэста, далучэнне да беларушчыны і паэзіі, удзел у Таварыстве беларускай мовы, літаратурны андэграўнд, стварэнне першага рок-гурта… Далей — навучанне ў Мінскім лінгвістычным універсітэце, анархісцкая тусоўка, sex drugs rock’n’roll, “Менская вясна”, “суткі”, уцёкі з Беларусі, лагер бежанцаў, жыццё на сквоце, пражскі эмігранцкі асяродак, праца на “Радыё Свабода”, хаатычныя закаханасці, гісторыя алкагалізму і псіхічнай хваробы… Ніякіх падрабязнасцяў, у тым ліку інтымных, аўтар ад чытачоў не хавае.
Урывак з рамана публікавала “Літрадыё”.
Больш падрабязна пачытаць пра кнігу і падтрымаць праект можна на сайце платформы Gronka.
Макс Шчур — палітэмігрант, паэт, перакладчык, лаўрэат прэміі Гедройця 2016 году за раман “Завяршыць гештальт” і прэміі Юхнаўца за раман “Там, дзе нас няма” (2004). З 1998 году жыве ў Чэхіі. Аўтар шэрагу кніг паэзіі і прозы (“Ліст, знойдзены на папялішчы”, “Галасы”, “Кінараман”), перакладчык з ангельскай, гішпанскай, чэшскай і іншых моў. Галоўны рэдактар сайта “Невідочнае места” (2003–2008) і віртуальнага літаратурнага часопіса “ЛітРаж” (2013–2020).
Мэта стварэння нашай ініцыятывы SayBeat — выданне кніг некамерцыйных і нефарматных аўтараў па-беларуску.