Па-беларуску выйшала культавае ізраільскае фэнтэзі
2024-07-01 21:27
Выдавецтва “Логвінаў” пры падтрымцы амбасады Ізраіля выпусціла кнігу фэнтэзі пісьменніцы Гагар Янай “Скрадальнік лекаў”. Пераклаў з іўрыту Павал Касцюкевіч. “Скрадальнік лекаў” — гэта першая кніга з серыі “Левіятан з Вавілоніі”.
Рэдагаваў беларускі тэкст піьсменнік
Валер Гапееў, які выклаў свае ўражанні ад твору ў рэцэнзіі на сайце
Bellit.store.
“Дагэтуль у мяне было досыць павярхоўнае знаёмства з шумерскай (месапатамскай) і яўрэйскай міфалогіямі. І перада мной літаральна раскрылася бездань свету, раней не бачанага, народжанага ў калысцы цывілізацыі. Гэта першае, што б я хацеў адзначыць: высокапрафесійнае майстэрства аўтаркі ў яе паглыбленні, адраджэнні і інтэрпрэтацыі адных з самых старажытных міфалогій, злучэнне ў адну сістэму і ажыўленне гэтай сістэмы”, — піша Валер Гапееў і адзначае, што ў творы “абсалютна новыя героі, яны маюць свае ўнікальныя ўласцівасці і жывуць ва ўмовах незвычайных. Іначай кажучы, пра такое нідзе не пісалася, не паказвалася, не гаварылася”.
Таксама, паводле Валера Гапеева, вартая ўвагі праца перакладчыка Паўла Касцюкевіча, які бліскуча справіўся з захаваннем стылю аўтаркі: жывога, меладычнага, часам вясёлага, пры ўсёй сур’ёзнасці і шматслойнасці тэксту.
Аўтарка стварае складаны сусвет з адмысловымі ўнутранымі законамі, твор задае і няпростыя, філасофскія, маральна-этычныя пытанні. Але ўвыніку Валер Гапееў заканчвае развагі словамі: “Гэта проста цікава. Займальна. Захапляльна. Нова і незвычайна”
(чытаць поўны тэкст рэцэнзіі).