- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Прэзэнтацыя кандыдатаў. 11 верасня Віцебскі еўрапейскі клуб наведалі пяцёра магчымых кандыдатаў на пасаду прэзідэнта РБ ад дэмакратычных сілаў, якія сустрэліся з грамадскімі і палітычнымі актывістамі з розных рэгіёнаў Віцебскай вобласці. Перад прысутнымі выступілі Рыгор Кастусёў, Аляксандр Мілінкевіч, Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч. “Абранне адзінага кандыдата папросту немагчыма”. Першым слова ўзяў кандыдат у прэзідэнты ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Ён распавёў пра тое, што ў партыі ўжо сфармавана каманда з 1500-2000 зборшчыкаў, якія без цяжкасцяў збяруць неабходныя для рэгістрацыі 100 тысячаў подпісаў. Але гэта самая лёгкая частка працы, бо існуе вялікая небяспека таго, што кандыдат не будзе наогул зарэгістраваны. Як адна з самых старых беларускіх партый, БНФ мае даўно распрацаваную праграму эканамічнага развіцця, якую і мусіць прапанаваць народу для выхаду з той эканамічнай сітуацыі, у якую завёў краіну Лукашэнка. Зношанасць асноўных фондаў на нашых заводах і фабрыках дасягае 90 адсоткаў, а гэта значыць, што ў хуткім часе прадукцыя гэтых прадпрыемстваў не будзе канкурэнтназдольнай нават унутры краіны. На рэформы ў энергетычнай сферы, якія былі запланаваныя на 2006-2010 гады, было выдзелена 5,9 мільярдаў долараў, але чаму рэформы правалены і куды падзеліся грошы, адказу мы з вамі не атрымаем.