- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Лукашэнка не пераможа. У Віцебску, як і па ўсёй краіне, ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пачалі збор подпісаў, неабходных для рэгістрацыі прэтэндэнтаў на гэты высокі дзяржаўны пост. Хацелася б падзяліцца сваімі першымі назіраннямі і высновамі, якія ўзніклі пад час кантактавання з выбарнікамі. Шаснаццацігадовы ўдзел у падобных кампаніях дае мне права больш-менш аб’ектыўна ацаніць стаўленне нашых грамадзянаў да гэтай падзеі і вызначыць перамены, што адбыліся ў чалавечай свядомасці за шаснаццаць гадоў Лукашэнкавага кіравання. Магу адназначна сцвярджаць: заканадаўчая норма, якая змушае патэнцыйных кандыдатаў збіраць сто тысячаў подпісаў, на сённяшні з’яўляецца страшэнным анахранізмам. Тысячы людзей бегма носяцца па ўсёй краіне, парушаючы адну з асноўных нормаў міжнароднага права: недатыкальнасць прыватнага жыцця. Сябры ініцыятыўных групаў грукаюць ў дзверы дамоў і кватэраў, турбуюць людзей і адцягваюць іх ад надзённых праблемаў. І толькі зборшчыкі Аляксандра Лукашэнкі не парушаюць гэтай нормы, бо яны сілаю ягонай улады пастаўлены ў прывілегіяванае становішча. За дзейснага прэзідэнта, як сцвярджаюць грамадзяне, подпісы збіраюць непасрэдна ва ўстановах і на прадпрыемствах. І ўжо не карова ідзе да сена, а, як ні дзіўна,-наадварот. Такая вось тут роўнасць усіх перад законам.