- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
З пачаткам святкавання 600-годдзя грунвальдскай бітвы. Падзея ўскалыхнула не толькі віцебскія ўлады ды інтэрнэт, але і тых, у чыёй душы яшчэ жывыя хоць нейкія нацыянальныя пачуцці. Улада атрымала такую гучную поўху, што ейнае рэха, здаецца мне, хоць на нейкі час вярнула яе ў тую рэальнасць, ад якой яна так шпарка бегла апошнія 15 гадоў. Ёй ужо падавалася, што той “нечуваны ў свеце” клопат пра свой народ дае пажыццёвае права знаходзіцца пры ўладным карыце ажно да самага свайго скону. Асабліва гэтая вера ўмацавалася з прыходам таварыша Косінца. Такога шалёнага росквіту горад не бачыў, мабыць, яшчэ ніколі ў сваёй гісторыі. Апагеем гэтага працэсу стала адкрыццё новай-старой плошчы і ўсталяванне на ёй найвышэйшай у краіне яліны з пяціканцовай зоркай на вяршаліне. “Каму плоха, калі нам харашо” так называецца артыкул у “Віцьбічах” пра зацятага “хулігана і парушальніка грамадскага парадку” С. Каваленку. Назоў вельмі красамоўны. Ім так добра, бы за саветамі: ні табе Пазняка, ні беларускае мовы, ні сцяга, ні праўды пра сябе саміх і тую дзяржаву, якую яны збудавалі. Палітычны пратэст супраць татальнае русіфікацыі і парушэння нацыянальных ды чалавечых правоў карэспандэнтка газеты імкнецца перавесці ў плоскасць звычайнага хуліганства. Улады далі загад і з героя Каваленкі на старонках газеты зрабілі амаральнага паўмонстра. Брыдка, непрыстойна і непрафесійна.