- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пакаранні за бел-чырвона-белыя сьцягі. У Кастрычніцкім райсудзе Віцебску пакаралі ўдзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі 25 сакавіка. За правядзеньне несанкцыянаванай акцыі судзьдзя Алена Казілава аштрафавала сябра КХП БНФ Сяргея Каваленку на 700 тысяч рублёў. Ягоныя аднадумцы Ігар Базараў і Валеры Аляксандраў атрымалі штрафы памерам 70 тысячаў рублёў. Спадары Каваленка, Базараў і Аляксандраў пацьвердзілі ў судзе, што 25 сакавіка знарок выйшлі на плошчу Свабоды ў Віцебску зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, каб нагадаць мінакам пра гістарычнае сьвята — Дзень абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Ігар Базараў і Валеры Аляксандраў узялі ўдзел у падобнай акцыі ўпершыню, а Сяргей Каваленка ўжо ня першы год у Дзень Волі выходзіць у цэнтар Віцебску з нацыянальным сьцягам. Суд таксама не ўпершыню карае партыйнага актывіста штрафамі і суткамі арышту. Камэнтуючы судовую пастанову і досыць вялікі штраф, спадар Каваленка зазначыў, што ніколькі не шкадуе пра свой учынак: “Не шкада. Бо за волю трэба плаціць, я так лічу. У Бібліі напісана, што пакуты трэба ўспрымаць з радасьцю. І я сёньня быў дужа рады”.