Полацкае княства як Баварскае герцагства
            
                2025-03-26 20:46
            
             
                        
                
Чарговым горадам на шляху літаратурнага тура Фонду Kamunikat.org і Уладзіміра Арлова стала сталіца Баварыі. Тут міні-лекцыю «Ад Рагвалода да БНР» праслухала беларуская дыяспара і некалькі зацікаўленых беларускай гісторыяй карэнных жыхароў Мюнхену.
 
Уладзімір Арлоў прыгадаў, што ў сваіх кнігах пра родны Полацак ён калісьці почасту цытаваў вядомага даследчыка гісторыі гэтага горада Леаніда Аляксеева. «Гэты гісторык, пішучы пра 
Полацкае княства як тыповую еўрапейскую раннефеадальную дзяржаву – адзначыў беларускі пісьменнік – нечакана параўноўваў яе з 
герцагствам Баварскім. Гэты факт не мог не згадацца, калі я рабіў экскурс ў 1000-гадовую гісторыю беларускай дзяржаўнасці ў сталіцы Баварыі Мюнхене».
 
Для баварскіх беларусаў параўнанне прагучала таксама нечакана, але прыемна, лішні раз засведчыўшы шматвекавую прыналежнасць нашых продкаў да еўрапейскай цывілізацыі.

«Наогул жа сустрэча атрымалася цёплай і будзе мець працяг, бо многія ўдзельнікі набылі мае гістарычныя кнігі. У аўтографах я выказваў упэўненасць, што наша еўрапейскае мінулае – зарука еўрапейскай будучыні», – падсумаваў 
Уладзімір Арлоў.

Яраслаў Іванюк, распавядаючы пра 
25 гадоў дзейнасці 
Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat.org, падкрэсліў, што ў яе рэсурсах цяпер утрымліваецца 
больш за 65 тысяч беларускіх публікацый рознага тыпу: кнігі, аўдыёкнігі, часопісы, газеты, радыёперадачы і іншае. 
Кіраўнік Фонду Kamunikat.org таксама рэкамендаваў ўдзельнікам сустрэчы падпісацца на 
YouTube-канал Камуніката, дзе знаходзіцца больш за 
60 аўдыёкніг сучаснай беларускай літаратуры.