Пра кірылічныя старадрукі часоў ВКЛ у Беластоку
2026-04-23 08:14
У Беластоку прайшла прэзентацыя навуковага даследавання і яго
беларускага перакладу для часопіса ARCHE «Кірылічныя выданні выдавецтваў
з Вялікага Княства Літоўскага ў XVI-XVIII ст.» з удзелам яго аўтаркі,
гісторыка Ольштынскага ўніверсітэта – Зоі Пераслаўцаў-Ярашэвіч.
– Думаю, гэтая спадчына агульная для нас – для літоўцаў,
беларусаў, украінцаў і палякаў. Таксама гэтая спадчына павінна
аб’ядноўваць, а не дзяліць. Гэты даробак сапраўды вельмі важны для ўсіх
славян.
Сваімі ўспамінамі пра вучобу ва ўніверсітэце пад началам аўтаркі
даследвання кірылічных старадрукаў часоў ВКЛ падзялілася і яе былая
студэнтка, а зараз выкладчыца Беластоцкага ўніверсітэта – Гражына Харытанюк-Міхей:
– Гэта вельмі грунтоўны даследчык. Вялікія веды, вялікі вопыт,
чалавек, які заўсёды карыстаўся крыніцай – заўсёды трэба было паехаць,
паглядзець і пабачыць, як сапраўды выглядае гэты друк 16-17 стагоддзяў
Вялікага Княства Літоўскага. І адчытаць гэты дакумент, гэтую кнігу.
Навуковае даследаванне Зоі Пераслаўцаў-Ярашэвіч «Кірылічныя выданні
выдавецтваў з Вялікага Княства Літоўскага ў XVI-XVIII ст.» пабачыла свет
на польскай мове 23 гады таму.
А ў 2020 годзе быў апублікаваны беларускі яго пераклад у часопісе ARCHE.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя