- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Мой родны куток — мястэчка Новы Свержан, што каля раённага цэнтра Стоўпцы. Тыповае беларускае мястэчка (гісторыю сваю вядзе з пачатку XV ст), досыць вялікае, з паўтара дзесятка вуліц, разлеглася на беразе Нёмана. На ўскраіне яго, каля чыгункі — лесазавод, які даваў заробак ці не палове жыхароў у тым ліку і майму бацьку. У цэнтры мястэчка, на былой рыначнай плошчы, дзе размяшчаліся велічныя, як на маё дзіцячае ўражанне, гандлёвыя рады, разбураныя падчас другой сусветнай вайны, — самыя значныя і прыгожыя будынкі, узведзеныя ў канцы XVI ст., — Успенская царква і Петрапаўлаўскі касцёл. Прыязджаючы штогод дадому, у апусцела-сіратлівую бацькоўскую хату, мушу абавязкова пастаяць на беразе Нёмана, пабыць на могілках і схадзіць у царкву. Тут, у прахалодначыстай і строгай атмасферы невялікай аднанефнай залы, дзе пахне свечкамі, дымком кадзільніка і яшчэ чымсьці таямнічатутэйшым, мусіць, нутром шафаў адкуль толькі што вымалі святочнае адзенне для царквы малазнаёмыя ўжо мне мае землякі, пад паэтычна-ўрачысты рэчытатыў святара і мілагучны харал пеўчых заўсёды адтайваў душою і чуўся дома, на бацькаўшчыне.