- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
...Быць гаспадарамі ў сваёй краіне – Зварот Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвіллы: “Дарагія Суродзічы Беларусы! Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам – Днём 25 Сакавіка. 25 сакавіка 1918 году Беларускі народ абвясьціў сьвету, што ён скідае са свайго краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці і абвяшчае Беларускую Народную Рэспубліку незалежнай і вольнай дзяржавай. На жаль, ня змог тады наш аслаблены вайною народ абараніць сваю маладую Рэспубліку ад новай няволі. І ня мелі мы прыяцеляў у сьвеце, якія б за нас заступіліся. Пачаўся новы перасьлед. Чужакі гэтым разам фізічна нішчылі нашых найлепшых людзей, выкаранялі нашую мову, нашыя адвечныя хрысьціянскія каштоўнасьці. Нішчылі нас і казалі, што яны нашыя “браты”. На жаль, некаторыя з нас ім паверылі. А дасюль верылі. Толькі падзеі апошняга часу іх пераканалі, што народ наш зажыве шчасьліва адно тады, калі будзе сам гаспадаром у сваёй хаце. Дарагія Суродзічы, нашая будучыня сёньня ў нашых руках. Ад нас залежыць, ці мы будзем гаспадарамі ў сваёй хаце, ці будзем надалей жыць, дастасоўваючыся да чужых жаданьняў.