- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
30 ліпеня на свабоду выйшлі арыштаваныя ўдзельнікі маўклівай акцыі 20 ліпеня. Сярод вызваленых была маці палітвязьня Мікіты Ліхавіда Алена. Яна адседзела 10 сутак. Апошнія трое – у карцары. Адміністрацыя Акрэсьціна такім чынам пакарала жанчыну за патрабаваньні праветрыць камеру. Яе затрымалі 20 ліпеня ў цэнтры Менску неўстаноўленыя асобы ў цывільным. 21 ліпеня ў парушэньне ўсіх прававых нормаў асудзілі ў судзе Цэнтральнага раёну Менску на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Суддзя Вайцяховіч палічыла довады шасьцёх здаравенных бугаёў, якія "адважна" захапілі адну жанчыну, пераканаўчымі. Мала для нашай улады месяцамі трымаць у карцары яе сына Мікіту Ліхавіда, трэба яшчэ здушыць волю яго родных, прадэманстраваць сілу, ізаляваць ад грамадзтва. Варта адзначыць, што цягам апошняга месяца затрымалі і асудзілі Марыну Лобаву, маці палітвязьня Эдуарда Лобава, Тацяну Севярынец, маці апазіцыйнага палітыка Паўла Севярынца.