- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Ціск узмацняецца: наперадзе выбары У дзень, калі праваабаронцы абвясьцілі аб сваім намеры праводзіць маніторынг маючых адбыцца парламенцкіх выбараў, 12 чэрвеня, на "Першым канале" НДТРК Беларусі быў праанансаваны сюжэт, што ганьбуе гонар і годнасьць вядомых беларускіх праваабаронцаў, які затым быў паказаны ў нядзельнай "Панараме". На фоне дыскрэдытацыі праваабарончай дзейнасьці дзяржаўнымі СМІ улады ажыцьцяўляюць дэталёвую праверку падатковай гісторыі праваабаронцаў. За апошнія 10 дзён загады Міністэрства па падатках і зборах аб неабходнасьці падаць дэкларацыі аб прыбытках і маёмасьці атрымалі старшыня БХК Алег Гулак, першы старшыня арганізацыі Тацяна Процька, чальцы сям'і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай Федэрацыі Правоў Чалавека Алеся Бяляцкага, супрацоўнік БХК Зьміцер Маркушэўскі, праваабаронца Валянцін Стэфановіч, а таксама чальцы іх сем’яў. Гэтыя факты даюць падставу лічыць, што дзеяньні ўладаў зьвязаныя з намерам праваабаронцаў праводзіць маніторынг парламенцкіх выбараў.