Праваабаронцу «Вясны» Сяржука Лацінскага асудзілі на 10 сутак
2020-06-22 20:41
У другой палове дня 22 чэрвеня ў суд г. Бабруйска даставілі затрыманых падчас "Ланцугу Саліданасці", што праходзіў 19 чэрвеня. Сярод затрыманых — праваабаронца "Вясны" Сяржук Лацінскі.Яго, як і яшчэ двух затрыманых Іллю Уласава і Уладзіміра Міхалапа, абвінавачваюць паводле арт. 23.34 КаАП — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пра гэта паведамляе інтэрнэт-выданне
Bobr.by.
Сяргей Лацінскі ў 16.35 знаёміцца з матэрыяламі справы. Яго жонку журналістку Алесю Лацінскую ў якасці прадстаўніка ў судзе не дапусцілі, бо ў яе няма юрыдычнай адукацыі. Але апыталі ў якасці сведкі. На судзе яна заявіла, што яна і яе муж Сяржук, як карэспандэнты, па закону маюць права здымаць любыя падзеі, якія адбываюцца ў горадзе, нават несанкцыянаваныя. Суддзя сказала, што "яна не бачыла такога закона".
У 19:00 суд вынес рашэнне — асудзіць Сяржука Лацінскага па артыкулу 23.34 КаАП на 10 сутак арышту.
Праваабаронцы патрабуюць неадкладна спыніць адміністрацыйны пераслед незалежнага назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Сяржука Лацінскага.
Нагадаем, журналісты выдання Bobr.by Сяржук Лацінскі разам з жонкай Алесяй Лацінскай былі затрыманыя 19 чэрвеня ў 20 гадзін у Бабруйску. Прыкладна апоўначы Алесю Лацінскую вызвалілі, а Сяржука пакінулі ў ІЧУ да суда.
ПЦ «Вясна»