- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Гэтая кніжка зьяўляецца вынікам сумеснага праекту “Пытаньні талерантнасьці ў беларускім грамадзтве і сьвеце”, над якім на працягу 2003-2004 гадоў працавалі Швецкая арганізацыя Міру і Арбітражу (Svenska Freds) і Праваабарончы цэнтр “Вясна” (Беларусь). У межах гэтага праекту прайшлі дзьве канферэнцыі з удзелам як беларускіх, так і замежных эксьпертаў (швецкіх, нарвежскіх, польскіх і г.д.), і чатыры рэгіянальныя семінары – у Магілёве, Брэсьце, Наваполацку і Гомелі. Талерантнасьць ва ўсіх яе праявах стала асноўнай тэмай дыскусіяў удзельнікаў сустрэчаў. Абмяркоўвалася, як трэба захоўваць сваю тоеснасьць і паважаць тых, чый лад жыцьця і сьветапогляд адрозьніваюцца ад твайго, якім чынам можна пазьбегнуць нецярпімасьці ў розных яе праявах – гамафобіі, ксенафобіі, вырашыць канфлікты, народжаныя гэтымі адрозьненьнямі. Чаму менавіта гэтая тэма была абраная для вывучэньня беларускімі праваабаронцамі і швецкімі міратворцамі? Бралася пад увагу, што ў постсавецкіх краінах, да якіх адносіцца і Беларусь, ва ўмовах пераходнага грамадзтва праблема разьвіцьця талерантнасьці як способу перадухіленьня канфліктаў даволі вострая. Краіны перажываюць мноства праблемаў, у тым ліку – зьвязаных з неабходнасьцю пераадоленьня стэрэатыпаў сацыяльнай і этнічнай нецярпімасьці, якія існуюць у масавай сьвядомасьці, часта правакуючы вострыя канфлікты. (Уступ, фрагмэнт)