- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Рым... Амаль 50 гадоў таму... Выдавецтва „Зніч”, заснаванае ў Вечным горадзе беларускімі эмігрантамі, выдае грунтоўную творчую працу ксяндза Пятра Татарыновіча — беларускі пераклад аднаго з найпапулярнейшых раманаў Г.Сянкевіча „Quo Vadis”. Працу, якою сын Палескіх пушчаў хацеў дасягнуць замірэння сваіх думак аб радзіме з адчуваннямі жыцця эмігранта, „свайго сярод чужых”... Рым... Больш за 100 гадоў таму... Па Вечным горадзе блукае з нататнікам і томікам Тацыта нейкі чужынец ды ўважліва дапільноўвае кожную дробязь, якою адрозніваецца тое, што ён бачыць, і тое, пра што ён чытае. Калі ў 1896 годзе ў далёкай Польшчы выходзіць ягоны раман „Quo Vadis”, той чужынец — польскі пісьменнік Генрык Сянкевіч — адразу стаў сваім і ў Рыме, і ва ўсім свеце. I гэты свет, чытаючы яго „ўсяк іставетнай моваю”, неўзабаве ацаніў гэты й іншы плён творчасці „сына Падляскіх пушчаў” адной з самых прэстыжных сваіх адзнак — Нобелеўскай прэміяй (1905). Рым... 2000 гадоў таму... Развіццё цывілізацыі ў гэтым кутку зямлі дасягнула такога ўзроўню, што й сяння з ім ёсць каму дараўноўвацца. Не кожны народ памятае выразна, дзе ён быў у тую сівую даўніну, затое старажытны Рым памятае ўвесь свет. А былі ж тады і германы, і галы, і афрыканы... Многія з іх праходзяць чарадою ў ланцугу падзеяў, апісаных Г. Сянкевічам у рамане „Quo Vadis”. Падзеяў з эпохі крывавага цэзара Нэрона (37—68 гг. н.э.), калі культура славутай імперыі ўжо ззяла, а палітычнае светаўладства ейнае ўжо затухала. (Вітаўт Мартыненка , Свой сярод чужых, фрагмант)