Радаслаў Сікорскі адкрыў свае беларускія карані
2020-07-13 16:37
Радаслаў Сікорскі адкрыў свае беларускія карані: “Я паведаміў, што мая маці з роду Пашкевіч, маем паходжанне са Стоўбцаў. „То ты – наш!”, – узрадаваўся Лукашэнка”.
Еўрадэпутат, былы міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў эфіры Беларускага Радыё Рацыя, адказваючы на пытанні пра Карту паляка ды цесныя сувязі народаў па абодва бакі мяжы, узгадаў сваю сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам у 2010-м годзе, калі паведаміў яму пра свае беларускія карані:
– Мы звязаныя паміж сабою гістарычна. Мая мама з роду Пашкевіч і мы паходзім са Стоўбцаў. Пра што я і распавёў прэзідэнту Лукашэнку. Ён вельмі ўзрадаваўся і сказаў: „То ты – наш!” Я запытаў яго пра правы палякаў у Беларусі. Ён адказаў: „Я люблю сваіх палякаў! І я думаю, што палякі ў Беларусі мусяць мець такія самыя правы, як усе іншыя беларусы”.
«Зрэшты з гэтага не было магчыма зразумець, ці гэта – прывілей, ці – пагроза», – дадаў Радаслаў Сікорскі. Пазней непрызнаваны Саюз палякаў у Беларусі быў закрыты, яго ўласнасць адабраная. Так, яму дазволена функцыянаваць далей, але, як у камуністычныя часы, з умовай, што ўлады маюць над гэтым кантроль,- адзначае палітык. Што датычыць Картаў паляка, якіх беларусы за 10 гадоў атрымалі каля 150 тысячаў, то Радаслаў Сікорскі лічыць пераезд многіх беларусаў у Польшчу пазітыўнай з’явай.
– Палякі працуюць у Германіі, Вялікабрытаніі ці Нарвегіі, а для некаторых беларусаў прывабная праца ў Польшчы. Гэта згодна са старым правілам: дабро і людзі імкнуцца туды, дзе атрымаюць большую цану. Але таксама людзі адкрываюць свае карані. Я – беларускія. Але некаторыя ў Беларусі – польскія. Думаю, гэта добра, а не дрэнна.
РР: Вы вярнуліся з Еўрапарламента, дзе праходзілі слуханні па Беларусі. Многія дэпутаты асудзілі рэпрэсіі, выказаліся за тое, каб зноў уздымалася пытанне разгляду санкцый у дачыненні да ўладаў Беларусі. Ці дастаткова сёння толькі санкцый у дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі? Ці трэба шукаць ужо нейкія іншыя механізмы і падыходы з боку Еўропы?
Радаслаў Сікорскі: Відавочна, маем у Беларусі, як мне падаецца, найбольшую хвалю рэпрэсій з 2010 года. У выніку якіх да Беларусі Еўразвязам былі прынятыя санкцыі. У Беларусі былі палітвязні. Пазней урад Лукашэнкі выпусціў гэтых людзей і санкцыі былі знятыя. А зараз ён зноў “закруціў гайкі”. Шкада, бо Беларусь, як сябра Усходняга партнёрства, магла б мець значна больш глыбокія сувязі з ЕЗ. Але мы ў Еўразвязе маем пэўныя каштоўнасці, якімі кіруемся.
РР: Якой павінна быць палітыка ЕЗ у дачыненні да Беларусі? Гэта так званая Realpolitik, якая была выкарыстаная раней, калі закрываюцца вочы на парушэнне правоў чалавека, ці ўсё ж такі павінны быць на першым плане дэмакратычныя каштоўнасці?
Радаслаў Сікорскі: Усё было выпрабавана ў стасунках з Беларуссю. Сам спрабаваў размарозіць стасункі. Польшча тады ініцыявала, напрыклад, Пагадненне па малым памежным руху. Лукашэнка яго не ратыфікаваў.
РР: Як Вы думаеце, чаму?
Радаслаў Сікорскі: Мне падаецца, што ён пачаў расцэньваць гэта як пагрозу ці то інтарэсам палітычным, ці то эканамічным. А гэта тычылася толькі таго, каб лакальна людзі маглі наведаць сваіх суседзяў. Гэта трансгранічная супраца. Але нейкі рух быў. Былі ўзгоднены ўмовы пра Аўгустоўскі канал, пра рэканструкцыю памежных пераходаў. Такой нармальнай суседскай супрацы для людзей без вялікай палітыкі.
РР: Польшча заўсёды адной з першых уздымае “беларускае пытанне” ў ЕЗ. Але бачым, што за 26 гадоў, фактычна, нейкіх зрухаў у плане дэмакратыі ў Беларусі не бачна. Ці гэта не параза польскай палітыкі, польскай дыпламатыі на Усходзе?
Радаслаў Сікорскі: Мы, як край дэмакратычны, хацелі б мець дэмакратычных суседзяў. Бо так бяспечней. А дэмакратыя прыводзіць да большага дабрабыту. Але трэба памятаць, што ў Беларусі дэмакратычныя асновы менш глыбокія, чым у нас. Давайце ўспомнім, якім чынам Беларусь атрымала незалежнасць. Гэта быў бунт камуністычнай наменклатуры Беларусі перад новымі выклікамі ідэалагічнымі Масквы. І ў гэтым карані. Але мы надалей лічым, што нішчэнне гістарычнай ідэнтычнасці Беларусі прэзідэнтам Лукашэнкам, выцясненне беларускай мовы, беларускіх нацыянальных сімвалаў – гэта дрэнна для самога Лукашэнкі. Бо гэта саветызацыя і русіфікцыя, якія працягваюцца, даюць падставы для адасобленасці Беларусі.
РР: Вы ўзгадалі таксама пра ўплыў Расеі. І гэта ў прынцыпе асноўны чыннік, чаму Лукашэнка застаецца ва ўладзе. Як лічыце, чаму Крэмль заплюшчвае вочы на нават абразы Лукашэнкі столькі гадоў? Бо, здаецца, было б жаданне Масквы і Уладзіміра Пуціна, яму б знайшлі замену.
Радаслаў Сікорскі: Расея мае вельмі глыбокі ўплыў на Беларусь. Але Лукашэнка не быў бы так доўга пры ўладзе, калі б ён не быў такім спрытным палітыкам. Ён “чысціць” адміністрацыю і спецслужбы Беларусі выключна і паслядоўна ад расейскай агентуры. Разумее, што гэта расейцы могуць яго звергнуць, а не Еўразвяз. Слабымі картамі ён грае досыць спрытна.
Будучы міністрам замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі разам з кіраўніком нямецкай дыпламатыі Гіда Вестэрвеле ў лістападзе 2010 года прыязджаў на сустрэчу да Аляксандра Лукашэнкі. Міністры прапаноўвалі Беларусі дапамогу ад Еўразвязу 3 мільярды еўра, калі Лукашэнка правядзе ў краіне сумленныя выбары. Ужо 19 снежня падзеі Плошчы 2010 паказалі, што гэтыя намаганні не прынеслі пажаданага эфекту.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя