- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Цягнулася бясконцая студзеньская ноч, ніводнае акно яшчэ не свяцілася ў дамах насупраць. А Марына была ўжо на нагах, збірала мужа ў далёкую паездку. Тавар упакавалі, можа, тыдзень таму назад у дзве вялікія торбы, чырвоную i сінюю. Яна выкладвала з халадзільніка на стол харч — усе запасы, што збірала цэлы месяц — з таго дня, калі цвёрда вырашылі, што Уладзік паедзе. Не, пазней, калі Саша Кукліч дамовіўся з установай, якая арганізоўвала турысцкія падарожжы. На стале была вараная кілбаса, сала, сыр, кансервы. Не з халадзільніка — з-за дзвярэй на балкон — дастала слоік залітай тлушчам сялянскай кілбасы, што прывёз брат Іван; хавала яе там ад двух «коцікаў»-ласуноў — ад малой Янкі i вялікага Уладзіка. Пахваліла сябе за ашчаднасць, маглі ж на Новы год з'есці. Некалі маці ўпікала яе, школьніцу, што негаспадарлівая яна, раскідуха, не тое што старэйшая сястра яе Таццяна: тая ўсё цягнула ў хату i нічога без карысці з хаты. (фрагмент)